BE RU EN

«Поўнае трызненне» або поўны жах?

  • 12.12.2014, 15:48

Як Лукашэнка сам сабе супярэчыў.

Уручаючы даверчыя граматы дыпламатам, Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне санкцый, піша «Салiдарнасць».

- Мы выступаем за скасаванне якіх бы там ні было санкцый. Бо яны наўпрост адбіваюцца на ўзроўні жыцця людзей, - цытуе яго БелТА.

Са слоў Лукашэнкі, некаторыя дзяржавы імкнуцца ўплываць не толькі на рэгіянальныя працэсы, але і спрабуюць змяніць глабальны баланс сіл:

- Вынік у наяўнасці - рост напружанасці ў свеце, зніжэнне даверу да партнёраў, санкцыйнае супрацьстаянне…

Характэрна, што менш паўгода таму Аляксандр Лукашэнка казаў прама супрацьлеглае, запэўніваючы, што санкцыі - гэта «поўнае трызненне» і яны прынясуць толькі карысць.

- Яшчэ не нарадзіўся той вырадак на зямлі, які б не разумеў, што такое Расея, і што такое санкцыі, і чым яны адгукнуцца, - заявіў у красавіку Лукашэнка, сустракаючыся з губернатарам Калужскай вобласці Анатолем Артамонавым і супакоіў: - І наогул, не хвалюйцеся . Санкцыі і іншае - усё гэта поўнае трызненне і глупства, гэта балбатня. Захад сёння ні на што не здольны, і мы павінны зыходзіць з гэтага.

Больш за тое, Лукашэнка, спасылаючыся на ўласны досвед, запэўніў, што санкцыі не толькі не страшныя, але прыносяць вялікую выгаду.

- Мы будзем займацца ўнутранымі праблемамі і развязваць свае пытанні. Яны (санкцыі) нам дапамогуць умацавацца ўнутрана, каб мы былі потым проста непарушнымі. ...> Яны аб’ядноўваюць вакол праблем, якія ёсць унутры той ці іншай краіны, усю нацыю, увесь народ, - сказаў Лукашэнка. Ён заклікаў аб'яднацца і працаваць разам. «Каб нас потым не папракнулі ў тым, што мы не скарысталіся гэтым спрыяльным момантам санкцый, - растлумачыў ён.

Пра тое, як хто скарыстаўся «гэтым спрыяльным момантам», вядома. Як, зрэшты, і тое, наколькі ўсім атрымалася «ўмацавацца ўнутрана» дзякуючы санкцыям. Так усё-такі: «поўнае трызненне» або поўны жах?

Апошнія навіны