Домрачава заняла 8-е месца ў спрынце на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне
- 12.12.2014, 15:20
Жаночай спрынтарскай гонкай на 7,5 км у аўстрыйскім Хохфільцэне 12 снежня стартаваў другі этап Кубка свету ў біятлоне.
Пераможцай гонкі стала лідар агульнага заліку Кайса Мякярайнен з Фінляндыі, якая дапусціла адно пудла на першай стральбе. Другое месца заняла Карын Оберхофер з Італіі, якая адстралялася на нуль, але якая саступіла Мякярайнен 10,4 секунды. Трэцяй стала Цірыл Экхоф з Нарвегіі (1 пудла; 29,9), піша БелаПАН.
Найлепшай з беларусак стала Дар'я Домрачава, якая з двума пудламі (1 + 1) заняла 8-е месца, прайграўшы лідару 42,1 секунды.
Анастасія Дубарэзава паказала 32-ы час (2; 1: 32,5), Надзея Скардзіна фінішавала на 36-м месцы (2; 1: 34,2), Надзея Пісарава - на 45-м (2; 1: 49,7), Ірына Крыўко - на 80-м (3; 3: 16,9).
Паводле вынікаў спрынту ў гонку пераследу, якая адбудзецца 14 снежня, былі адабраныя чатыры беларускія біятланісткі.
Сёння ж пройдзе і мужчынская спрынтарская гонка на 10 км. На 13 снежня запланаваныя дзве эстафеты.