Нямецкія канструктары прыдумалі ліфты без тросаў (Відэа)
- 1.12.2014, 21:50
Пад'ёмнік можа рухацца ў любы бок без тросаў і сталёвых кабеляў.
Нямецкая кампанія ThyssenKrupp прыдумала, як яна сама называе, "Святы Грааль" для ліфтавай прамысловасці. Іх пад'ёмнік можа рухацца ў любы бок без тросаў і сталёвых кабеляў.
Новыя прылады будуць працаваць на аснове тэхналогіі магнітнай левітацыі (маглеў). Менавіта такую выкарыстоўваюць у самых хуткіх цягніках, піша "Народная воля".
Хуткасць ліфтаў будзе вышэй, чым у цяперашніх. Пад'ёмнікі ThyssenKrupp змогуць рухацца ў любы бок, адзін за адным. Гэта азначае, што можна будзе хутка перамяшчацца ўнутры паверха і менш чакаць наступны ліфт. Асабліва гэта важна ў хмарачосах, дзе даводзіцца падоўгу чакаць прыходу пад'ёмніка і потым не менш доўга дабірацца да свайго паверха.
ThyssenKrupp хочуць увесці ў эксплуатацыю сваё вынаходніцтва ў 2016 годзе. Пры гэтым яны не адзіныя, хто працуе над новымі ліфтамі: падобную прыладу распрацоўвае кампанія Hitachi, але іх пад'ёмнікі не могуць ездзіць па паверхах.