BE RU EN

Падзенне коштаў на нафту падарве бюджэт Беларусі

  • 1.12.2014, 17:50

Беларусь атрымае менш грошай ад продажу нафтапрадуктаў.

Сёння стаў вядомы прагноз агенцтва Bloomberg аб цэнах на нафту на наступны год: паводле ацэнак спецыялістаў, нафта будзе каштаваць менш за $40 за барэль - і свет убачыць паўтор тых падзей, якія 30 гадоў таму прывялі да дэфолту Мексікі і паклалі канец Савецкаму Саюзу. Пра тое, чым такое падзенне коштаў на нафту пагражае Беларусі, charter97.org даведаўся ў эканаміста Барыса Жалібы.

- Яшчэ невядома, для каго наступствы будуць істотней - для Расеі або для Беларусі. Я б так сказаў: я сумняваюся ў рэалістычнасці гэтага прагнозу. На маю думку, усё ж такі, краіны, якія ўваходзяць у картэль АПЕК (Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты), нешта распачнуць для спынення падзення коштаў. У іх ужо была першая планавая нарада, і яны на ёй паспрабавалі скараціць квоты, каб не перапаўняць нафтай рынак і каб спыніць падзенне коштаў на нафту. Яны будуць збірацца і далей з тым, каб скараціць здабычу. Цяпер лічыцца, што рынак перапоўнены нафтай за кошт павелічэння здабычы ЗША і Саудаўскай Аравіяй. А дзве краіны, буйныя нафтаэкспарцёры, якія ў АПЕК не ўваходзяць - гэта Расея і Мексіка - таго ж меркавання, асабліва Расея, тут і казаць няма пра што. Таму я не веру, што справа дойдзе да $40. Але пакуль тэндэнцыя застаецца.

- Што будзе з нашай эканомікай, калі падзенне коштаў на нафту прадоўжыцца? Бо вялікую дзель нашага бюджэту складае выручка ад продажу нафтапрадуктаў.

- Што будзе для Беларусі - адным словам можна адказаць: дрэнна. Зразумела, што расейскі экспарт нафты, газу і вуглевадародаў дае не менш за палову валютнай выручкі ў бюджэт, і нашыя нафтапрадукты таксама даюць ад 30 да 40 працэнтаў валютнай выручкі. Таму з цяперашнім падзеннем коштаў на нафту расейскі бюджэт ужо трашчыць, бо пошліны ад экспарту нафты паступаюць у бюджэт як адна з асноўных артыкулаў. Расейцы, вядома, ужо пачалі думаць, як яго секвеставаць. Напрыклад, прымяняюцца меры ў скарачэнні расходнай часткі. А Беларусь праводзіць такую ж палітыку. Таму калі кошты на нафту ўпадуць, дык яны ўпадуць і на нафтапрадукты, а значыць, скароціцца і валютная выручка паводле гэтага артыкула. А ў нас і без таго з валютай заўсёды была напружанка. Таму будзе дрэнна.

- Як зменіцца бюджэт з улікам новых цэн на нафту? Ці можна прыблізна разлічыць, наколькі менш грошай паступіць у наш бюджэт пры цэнах за нафту, скажам, у $60 і чым гэта небяспечна?

- Продаж нафтапрадуктаў - гэта першы артыкул валютнай выручкі. Канкрэтнай лічбы я не назаву - яе могуць разлічыць тыя, хто займаюцца бюджэтам. Пакуль што, да 1 студзеня 2015 года, пошліна ад беларускіх нафтапрадуктаў, зробленых з расейскай нафты, паступае ў расейскі бюджэт. А з 1 студзеня яна пачне паступаць у беларускі бюджэт - пра гэта Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, калі падпісвалі дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму з 1 студзеня ў наш бюджэт будзе нават прыбаўка - таго, што раней сыходзіла Расеі.

- Колькі мы плацілі ў год Расеі раней?

- У год Расеі сыходзіла дзесьці 2.5 мільярда даляраў з продажу нашых нафтапрадуктаў, таму што мы бяспошлінна атрымліваем расейскую нафту. Гэта значыць чакаўся дадатак у бюджэт каля гэтай сумы. Але ж цэны на нафтапрадукты ўпадуць, яны і цяпер падаюць. Значыць, гэтая прыбаўка будзе не такая, на якую ўлады разлічвалі.

- Як гэта адаб'ецца на бюджэце? Бо любая прыбаўка - гэта добра, асабліва ўлічваючы, што раней у нас і так не было гэтых грошай.

- На нашым бюджэце адаб'ецца адмоўна. Гэтая прыбаўка будзе менш запланаванай, а бо на гэтую прыбаўку ўжо разлічылі бюджэт. І разлічвалі яго ў цяперашніх цэнах, да падзення. Але ўжо бюджэт звярсталі! Гэта значыць да нас павінна было прыйсці 2,5 мільярда, мінус - сыдзе 1 мільярд за тое, што Расея ўзняла падатак на здабычу прыродных рэсурсаў, значыць нафта, у тым ліку і расейская, будзе і нам даражэй. То бок, гэта ўжо 1,5 мільярда, якія ўлічылі ў праекце бюджэту на наступны год. А калі кошты на нафту будуць і далей «каціцца», то грошай прыйдзе яшчэ менш. Прыйдзецца рабіць карэктывы. Але год перадвыбарчы. Я думаю, Лукашэнка разлічваў, што з гэтых грошай ён і насельніцтву костачку кіне...

- Гэта значыць, атрымліваецца, у любым выпадку можна чакаць нястачу ў бюджэце, толькі пакуль не ясна, наколькі вялікая яна будзе?

- Так, паводле факту будзе зусім не тое, што планавалі.

Апошнія навіны