BE RU EN

ЕЗ рыхтуе новыя сектаральныя санкцыі супраць РФ

  • 5.11.2014, 10:35

Пытанне аб пашырэнні санкцый разгледзяць 17 лістапада.

Ад Еўрапейскага звязу можна чакаць узмацнення сектаральных і эканамічных санкцый супраць Расеі, але не поўнага спынення палітычнага супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў дырэктар дэпартамента палітыкі і камунікацый Міністэрства замежных спраў Украіны Аляксей Макееў ў эфіры «5 канала», паведамляе РБК-Украіна.

Так, на пытанне вядучай, ці гатовы Еўрапейскі звяз увесці жорсткія санкцыі супраць Расеі, у тым ліку цалкам спыніць палітычнае супрацоўніцтва, Макееў адказаў: «Я не думаю, што гаворка пойдзе аб спыненні поўнага палітычнага супрацоўніцтва, бо дыпламатыя трымаецца на тым, што неабходна размаўляць адзін з адным. Але зусім правільна было сказана - і гэтыя мэсэджы ўжо гучаць з боку еўрапейскіх сталіц і Брусэля - што сёння ў ЕЗ сур'ёзна думаюць над пашырэннем санкцый супраць Расеі».

Макееў адзначыў, што гаворка ідзе пра далейшыя сектаральныя і эканамічныя санкцыі, якія маюць найбольшы ўплыў на расейскую эканоміку. Аднак з ягоных слоў, санкцыі як такія не патрэбныя ні ЕЗ, ні Украіне - гэта толькі адзін з механізмаў прымусіць РФ вярнуцца ў цывілізаванае рэчышча.

Макееў адзначыў, што ад ЕЗ можна чакаць узмацнення эканамічных удараў, у тым ліку і адключэнне Расеі ад міжнароднай сістэмы перадачы інфармацыі і здзяйснення плацяжоў SWIFT.

«Я думаю, што гэтая опцыя таксама разглядаецца, але яе досыць складана рэалізаваць, таму што гэта, у першую чаргу, прыватная кампанія, якая праводзіць гэтыя плацяжы. Але ў ЕЗ разглядаюць абсалютна ўсе магчымыя опцыі. Але важна не столькі, якія менавіта канкрэтныя санкцыі будуць зробленыя... Галоўнае - гэта тое, што гэтыя санкцыі павінны заахвоціць Расею да дзеянняў, а не абяцанняў, і прыпыненню дэструктыўных дзеянняў РФ, пра якія кажа ўвесь свет», - заявіў прадстаўнік МЗС.

Ён адзначыў, што сёння ўсе намаганні ўкраінскай улады накіраваны на тое, каб вярнуць тэрыторыі Украіны пад поўны кантроль цэнтральнай уладзе.

Вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні ў аўторак паведаміла, што санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць разгледжаныя 17 лістапада на пасяджэнні Рады замежных спраў ЕЗ.

«Асноўная тэма дыскусій сёння павінна быць Украіна - як забяспечыць пошук шляхоў развязвання канфлікту», - сказала яна журналістам у Брусэлі пасля сустрэчы з генеральным сакратаром NATO Енсам Сталтэнбэргам.

Федэрыка Магерыні таксама адзначыла, што пытанне санкцый у дачыненні да РФ будзе разгледжанае 17 лістапада на пасяджэнні Рады замежных спраў ЕЗ. Яна нагадала, што пазіцыя ЕЗ застаецца ранейшай: санкцыі ў дачыненні да Расеі не могуць быць самамэтай, а толькі інструментам ціску з мэтай пошуку мірнага развязвання.

«Ацэнка санкцый доўжыцца. Ацэнка сітуацыі - гэта тое, што рухае нас да ўзмацнення санкцый, да скасавання санкцый, да абмежавання санкцый», - сказала вярхоўная прадстаўніца ЕЗ. Яна таксама адзначыла, што галоўнай праблемай на сённяшні дзень ва Украіне з'яўляецца магчымасць зрыву мірнага дыялогу.

Апошнія навіны