Le Monde: Французскія «Містралі» можа купіць Канада
- 4.11.2014, 18:31
Канада можа набыць французскія караблі-верталётаносцы «Містраль», якія былі вырабленыя для Расеі.
Такую здагадку робіць уплывовае французскае выданне Le Monde, аналізуючы магчымыя вынікі дзяржаўнага візіту прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда ў Канаду, піша ukrinform.ua.
«Прэм'ер-міністр Канады і лідар Кансерватыўнай партыі Стывен Харпер з'яўляецца прыхільнікам жорсткай лініі адносна Масквы і ўхваліў рашэнне Францыі прыпыніць перадачу Расеі першага ваеннага карабля «Містраль». Акрамя таго, Атава мадэрнізуе свае ВМС, і «Містралі» могуць увайсці ў іх склад», - піша выданне.
Паводле звестак газеты, у склад афіцыйнай дэлегацыі Францыі на чале з Аландам уключаны дыпламатычны дарадца прэзідэнта Жыль Бано (Gilles Bonnaud), прадстаўнікі найбуйнейшай французскай кампаніі ВПК (Dassault, Thales і іншых) і Дырэкцыі будаўніцтва ваенных караблёў (DCNS) - генеральнага падрадчыка з будаўніцтва «Містраль».
Le Monde нагадвае, што Канада рэалізуе амбіцыйную і беспрэцэдэнтную для мірнага часу праграму мадэрнізацыі сваіх ВМС і сіл берагавой аховы. Яе кошт ацэньваецца ў 28 млрд еўра, і мэтай з'яўляецца дыверсіфікацыя сістэмы ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. Сярод выканаўцаў называюць і французскіх вытворцаў, у прыватнасці DCNS, а таксама Dassault або Thales.
Фота з архіву rian.ru