Пад Кобрынам кіроўца «не заўважыў», што збіў пешахода, і схаваўся
- 4.11.2014, 15:54
1 лістапада ў Кобрынскім раёне кіроўца збіў 39-гадовага пешахода і з'ехаў з месца здарэння.
На наступны дзень мужчыну ў кювеце знайшоў мясцовы жыхар, ён і выклікаў хуткую дапамогу. Пацярпелага з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай, пераломам костак носа, шырокай ранай левага сцягна, пераахаладжэннем даставілі ў лякарню.
Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было высветлена, што мужчына атрымаў траўмы 1 лістапада каля 21.00 у выніку наезду аўтамабілем «Фольксваген-Пасат», за стырном якога знаходзіўся 47-гадовы жыхар Драгічынскага раёна.
Супрацоўнікі ДАІ выявілі кіроўцу і аўтамабіль 3 лістапада ў вёсцы Грушава Кобрынскага раёна. «Фольксваген» канфіскаваны і змешчаны на штрафстаянку.
Паводле папярэдніх звестак, на закругленні дарогі ўлева кіроўца не справіўся з кіраваннем, выехаў на правую па ходу руху абочыну і ўчыніў наезд на пешахода. Са слоў аўтамабіліста, пасля наезду ён спыніўся, не выявіўшы пацярпелага, з'ехаў з месца ДТЗ, паведамляе БелаПАН.