Арт-дырэктар Dozari: Я разглядаю Менск як рэгіён Расеі
- 4.11.2014, 11:07
Паміж Беларуссю і Расеяй няма межаў, мяркуе Аляксандр Краітар.
Арт-дырэктар Dozari Аляксандр Краітар ў катэгарычнай форме адмовіўся адказваць на пытанні журналіста, якія гучалі на беларускай мове, з нагоды «пуцінскіх» вечарынак.
Зрэшты, красамоўны своеасаблівы адказ журналісты «Салiдарнасцi» знайшлі ў адным з ягоных нядаўніх рускамоўных інтэрв'ю.
Інтэрв'ю «Як Аляксандр Краітар Маскву на Менск памяняў» ён даў парталу geometria.ru.
Прапануем абранае.
- У чым адрозненне маскоўскай і менскай публікі?
- Публіка аднолькавая, але да Менска ўсё доўга даходзіць. Спачатку з'яўляецца ў Маскве, потым распаўсюджваецца па ўсёй Расеі. Тут сітуацыя абсалютна такая ж. Я бяру Менск, не як пэўную краіну, а як рэгіён Расеі. Паміж намі няма межаў. У вас публіка прыгожая і модная. Але Масква гэта Масква. Нават людзі, якія прыязджаюць з Амерыкі кажуць, што немагчыма ўгнацца за яе рытмам. Што сёння моднае, заўтра можа страціць цікавасць ва ўсіх, а хто быў нікім, стане нейкай сусветнай зоркай.
Нагадаем, у панядзелак днём негатыўны рэзананс атрымала рэклама мерапрыемстваў клуба, запланаваных на пачатак лістапада. У суботу ў Dozari прайшла вечарына «Рускім быць модна», маюцца быць - «Russian night». На афішы ў якасці рэкламных вобразаў клуб выкарыстоўвае выявы Уладзіміра Пуціна, маскоўскага крамля, матрошак і аўтамата Калашнікава.
«Нашай Ніве» ўдалося датэлефанавацца да арт-дырэктара клуба Аляксандра «Саўнд» Краітара, аднак ён заявіў, што не разумее пытанняў на беларускай мове і адмовіўся каментаваць сітуацыю.