BE RU EN

Палітолага Карбалевіча затрымалі ў аэрапорце Франкфурта

  • 3.11.2014, 16:40

Вядомага беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча 2 лістапада затрымалі ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне.

Экспэрт накіроўваўся ў Страсбург на Раду Еўропы і Сусветны форум у абарону дэмакратыі, піша «Турызм і адпачынак».

У аэрапорце Франкфурта, праз які Валерый Карбалевіч транзітам накіроўваўся ў Страсбург, яго затрымала паліцыя. Шматразовую шэнген-візу, выдадзеную на 2 гады, анулявалі. Абвінавацілі ў незаконным уездзе. Высветлілася, што славацкая шэнген-віза для першага ўезду ў Заходнюю Еўропу не падыходзіць. Неабходна было спачатку заехаць у Славаччыну, і толькі потым адпраўляцца ў іншыя еўрапейскія краіны.

Як паведаміў Валерый Карбалевіч, «квіток у Менск каштуе 1000 еўра. У гэты момант у мяне такіх грошай няма. 100 еўра заплаціў ў якасці штрафу. Буду боўтацца ў аэрапорце да серады і вяртацца з тымі, хто з'ехаў у Страсбург».

Што ж, можна толькі паспачуваць Валерыю Карбалевічу, які трапіў у такую непрыемную сітуацыю.

Гэта здарэнне з'яўляецца яшчэ адным напамінам для турыстаў аб правілах перасячэння межаў і дзеянні шэнген-візы.

Не сакрэт, што многія вандроўнікі адкрываюць шэнгенскія візы ў любым пасольстве, незалежна ад той краіны, куды яны ідуць першапачаткова.

Часам ніякіх пытанняў на мяжы не ўзнікае, але бываюць і такія сітуацыі, як тая, якую мы апісалі. Таму ўсе аматары падарожжаў павінны быць папярэджаныя аб падобных эксцэсах.

Апошнія навіны