BE RU EN

Гарадзенскага журналіста чакае суд за працу без акрэдытацыі

  • 29.11.2014, 18:16

Незалежнага журналіста з Гародні Андрэя Мялешку зноў будуць судзіць за супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ.

29 лістапада ён атрымаў позву ў суд заказным лістом. Судзіць журналіста будуць 2 снежня ў Ленінскім судзе Гародні, паведамляе «Радыё Рацыя».

- Мне прывезлі позву ў сувязі з тым, што на мяне распачатая адміністрацыйная справа паводле артыкула 22.9 частка 2 - незаконны выраб і распаўсюджванне інфармацыі, у тым ліку гэта супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя». Я браў інтэрв'ю ў прафесара Гарадзенскага ўніверсітэта Валерыя Чарапіцы падчас прэзентацыі кнігі «400 імёнаў Гарадзеншчыны» ў абласной гарадзенскай бібліятэцы. Матэрыял быў размешчаны на інтэрнэт-старонцы "Радыё Рацыя», і ў сувязі з гэтым на мяне заведзеная яшчэ адна справа», - распавёў ён.

Андрэя Мялешку ўжо трэці раз у гэтым годзе прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, якую немагчыма атрымаць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Ён лічыць чарговую справу супраць яго палітычна матываванай і называе гэта забаронай на прафесію. Акрамя Андрэя Мялешкі позву на суд паводле таго жа артыкула чакае незалежная журналістка з Бярозы Таццяна Шчапёткіна.

Апошнія навіны