BE RU EN

Месцаў на могілках Менска не хапае

  • 28.11.2014, 20:52

Камунальнае прадпрыемства «Спецкамбінат КБА» ўсё вастрэй адчувае праблему недахопу свабодных тэрыторый для пахавання ў зямлю.

«Таму сёння актуальнае пытанне аб крэмацыі (аданні агню) памерлых, які стаў актыўна абмяркоўвацца яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя», - адзначыў у размове з карэспандэнтам агенцтва «Менск-Навіны» прадстаўнік УП «Спецкамбінат КБА» Сяргей Тур.

Паводле ягоных слоў, крэмацыя экалагічна больш прымальная, чым пахаванне ў зямлю. Пры гэтым адпадае неабходнасць пошуку новых зямель для будаўніцтва могілак. Калумбарныя сцены маюцца на могілках «Усходнія», «Паўночныя», «Заходнія», «Кальварыйскія», «Чыжоўскія» і ў Менскім крэматорыі.

Акрамя таго, можна пахаваць скрыню з попелам у магілу памерлых сваякоў, а таксама вывезці прах для пахавання на могілках любога населенага пункта, у тым ліку і за межы краіны.

«Пры гэтым здымаецца і такое вострае пытанне, як недагледжаныя магілы. Калі прыняць да ўвагі сусветны вопыт, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, у хуткім часе крэмацыя складзе 60% ад усіх формаў пахавання», - кажа Сяргей Тур.

У Беларусі першы і адзіны крэматорый адкрыўся ў 1986 годзе. З тых часоў было выраблена больш за 100 тыс. крэмацый.

Апошнія навіны