BE RU EN

ДАІ распавяла, на якіх шынах можна прайсці тэхагляд пасля 16 студзеня

  • 28.11.2014, 11:05

Пасля ўнясення новых удакладненняў у ПДР у кіроўцаў паўстала вялікая колькасць пытанняў.

Найбольшую цікавасць у аўтамабілістаў выклікала абавязковае выкарыстанне зімовых шын з 16 студзеня наступнага года. Ці падыдуць «агульнасезонныя» ці ж абавязковая толькі «зіма»? Начальства ДАІ Гарадзенскай вобласці адказала на гэтае пытанне ў эфіры адной з радыёстанцый, паведамляе AutoGrodno.

Гасцямі праграмы «Сустрэчная паласа» на «Радыё Гродна» сталі адразу тры начальнікі: Сяргей Талатай (начальнік ДАІ Горадні), Воайцешка Юр'евіч (намеснік начальніка ДАІ Горадні) і Андрэй Ігнатовіч (нам. начальніка філіяла УП «Белтэхагляд» Гарадзенскай вобласці). У жывым эфіры слухачы задавалі важныя пытанні, якія тычацца тэхагляду і допуску да дарожнага руху. Адным з самых папулярных стала пытанне, якое тычыцца выкарыстання зімовай гумы.

- Ці можна цяпер праходзіць тэхагляд на летняй гуме?

- Цяпер патрабаванне аб абавязковым выкарыстанні зімовай гумы яшчэ не ўвайшло ў дзеянне, таму пры праходжанні тэхагляду такіх абмежаванняў пакуль няма.

- Ці будзе цяпер ДАІ штосьці ўжываць у стасунках да ўсіх тых, хто слізгае на летняй гуме па дарогах?

- Да ўступлення ў законную сілу ўказа мы будзем рэкамендаваць выкарыстоўваць зімовыя шыны. Але зразумейце, не трэба мяняць шыны аўтамабіль дзеля ДАІ, гэта трэба рабіць для асабістай бяспекі. Пры такіх нізкіх тэмпературах у летняй гумы значна пагаршаюцца ўласцівасці счаплення, павялічваецца тармазны шлях, прасцей апынуцца ў бакавым заносе. Ужо з 16 студзеня выкарыстанне летняй гумы будзе парушэннем, і за гэта будзе прадугледжаны штраф у суме 2 БВ (300 000 рублёў).

- Ці можна будзе зімой пасля 16 студзеня ездзіць на агульнасезоннай гуме?

- У новым указе дакладна прапісана, на якой менавіта гуме можна ездзіць зімой. Дык вось, калі на шыне паказаная адна з абрэвіятур: M + S, M&S, MS, MS, піка з трыма сняжынкамі альбо All Seasons, то яе выкарыстанне зімой дапускаецца.

- Як вы ставіцеся да агульнасезонных шынаў?

- Вядома, лепш выкарыстоўваць зімой менавіта зімовую гуму. Бо калі рэч выконвае адразу некалькі функцый, то іх якасць пачынае змяншацца.

- Ці можна праходзіць тэхагляд на зімовай шыпаванай гуме?

- Вытворцы дыягнаставальнага абсталявання не рэкамендуюць праходзіць тэхагляд на шыпаванай гуме на тых стэндах, ролікі якіх маюць пакрыццё, якое імітуе асфальт. Не на ўсіх станцыях ёсць абсталяванне з такім пакрыццём. Ёсць і станцыі з ролікамі з металічным пакрыццём, дзе можна прайсці тэхагляд на шыпаванай гуме. Адзінае, трэба разумець, што пасля правядзення выпрабаванняў не ўсе шыпы на гуме могуць ацалець і паказчыкі эфектыўнасці тармазной сістэмы будуць адрознівацца.

Нагадаем, што на дадзены момант штрафныя санкцыі за няпройдзены тэхагляд складаюць ад 150 000 да 450000 рублёў. Існуюць штрафы і за паўторнасць: ад 300 000 да 750 000 руб. Толькі за тыдзень узмоцненай праверкі ў Горадні і вобласці было аштрафавана 67 «паўторнікаў», якія ехалі без тэхагляду без паважных прычын.

Апошнія навіны