BE RU EN

ДАІ адправіла першыя «лісты шчасця» за парушэнне правілаў паркоўкі

  • 26.11.2014, 14:31

Супрацоўнікі ДАІ прадэманстравалі журналістам працу новага прыбора, які ў аўтаматычным рэжыме фіксуе парушэнні правілаў паркоўкі.

Cа слоў інспектараў, выкарыстанне «Паркрайта» ўжо дало вынік, прынамсі, на вуліцы Кісялёва. Першыя «лісты шчасця» былі адпраўленыя ўладальнікам аўтамабіляў, якія стаялі з парушэннямі, распавялі карэспандэнту onliner.by ў ДАІ Цэнтральнага раёна.

- Маршруты сфармаваныя. На карту нанесеныя зоны, дзе забаронена спыненне і стаянка транспартных сродкаў. Прыбор распазнае парушэнні аўтаматычна, - паведаміў в. а. начальніка ДАІ Цэнтральнага раёна Менска Сяргей Бабіч. - Каб зафіксаваць парушэнне, трэба праехаць па ўчастку вуліцы двойчы з розніцай не менш чым 5 хвілін.

Са слоў інспектараў, у першую чаргу адпрацоўваліся праблемныя вуліцы. У іх ліку - вул. Кісялёва, вул. Няміга, вул. Раманаўская Слабада, вул. Рэвалюцыйная і іншыя. Уладальнікі няправільна прыпаркаваных аўтамабіляў атрымаюць «лісты шчасця» на працягу двух месяцаў. Як паказвае практыка, большасць - прыкладна праз 2-4 дні пасля здзяйснення парушэння. Штраф складзе 1 б. в. (150 тысяч рублёў).

Раней мы тэставалі ў Менску аналагічны прыбор. Тым часам у ДАІ кожнага раёна ўжо паступіла па адным «Паркрайту», яшчэ тры знаходзяцца ў Дзяржаўтаінспекцыі горада. Лік прылад будзе павялічаны. Рэпартаж пра тое, як фіксуюцца парушэнні правілаў паркоўкі, з каментарамі інспектараў чытайце заўтра.

Апошнія навіны