BE RU EN

Актывіст «Арт-сядзiбы» вызвалены

  • 24.11.2014, 14:58

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Станіслава Бабайцава адпраўлены на дапрацоўку.

Актывіста затрымалі ў ноч з 23 на 24 лістапада ў Менску, распавёў каардынатар «Арт-сядзібы» Мікіта Броўка, паведамляе БелаПАН.

«Стаса завялі ў залу суда, а нас не пусцілі, міліцыя зачыніла дзверы, - сказаў ён. - На судзе высветлілася, што пратакол у дачыненні да яго быў складзены няправільна. У дакуменце было напісана, што ён быў у стане алкагольнага ап'янення, хоць міліцыянты нават не вазілі яго на агляд. У выніку справу адправілі на дапрацоўку».

Станіслаў Бабайцаў тым часам адпушчаны на волю.

Са слоў Броўкі, акрамя Бабайцава і яго сябра міліцыянты затрымалі прыкладна восем чалавек, якія не знаёмыя «Арт Сядзібе». «Усе яны сёння былі прысуджаныя да штрафаў», - сказаў ён, дадаўшы, што суды праходзілі паводле аналагічнай схемы - вельмі хутка і без сведак.

Нагадаем, Станіслаў Бабайцаў са сваім сябрам быў затрыманы ў ноч з 23 на 24 лістапада ў Менску недалёка ад станцыі метро «Кастрычніцкая». Супрацоўнікі міліцыі наважылі праверыць у яго і яго таварыша дакументы, а хлопцы, у сваю чаргу, пацікавіліся службовымі пасведчаннямі міліцыянтаў. Супрацоўнікі міліцыі гэтую просьбу расцанілі па-свойму - Бабайцава з сябрам павезлі ў Цэнтральнае РУУС сталіцы, дзе былі складзеныя пратаколы аб дробным хуліганстве. Актывіст «Арт Сядзібы» дакумент падпісваць адмовіўся.

Апошнія навіны