BE RU EN

Скрыня для лістоў Дзеду Марозу з'явілася на менскім паштамце

  • 24.11.2014, 14:33

Паштовую скрыню для лістоў Дзеду Марозу ўсталявалі ў круглай і пасылачнай залах менскага галоўнага паштамта.

«У нас ужо стала добрай традыцыяй усталёўваць падобныя паштовыя скрыні перад Новым годам. Апусціць лісты, адрасаваныя Дзеду Марозу, можна ў круглай і пасылачнай залах сталічнага паштамта, а таксама ў любым аддзяленні паштовай сувязі рэспублікі», - растлумачылі спецыялісты.

Каб Дзед Мароз атрымаў ліст, неабходна правільна пазначыць на канверце з маркай адрас атрымальніка: Белавежская пушча, індэкс - 225063, вёска Камянюкі, Камянецкі раён, Берасцейская вобласць (з паметкай Дзеду Марозу), піша БелТА.

Акрамя таго, «Белпошта» працягвае прымаць заказы на паслугу «Віншаванне ад Дзеда Мароза». Аформіць і аплаціць такі заказ можна ў любым аддзяленні паштовай сувязі Беларусі ці ў паштальёна. Таксама кліент можа самастойна замовіць «Віншаванне Дзеда Мароза» на сайце прадпрыемства, выбраўшы ўпадабаны варыянт. Віншаванне ўключае маляўнічы ліст ад Дзеда Мароза з добрымі пажаданнямі, дзіцячую кніжку-размалёўку з налепкамі і галаваломкамі або сімвал 2015 у выглядзе заплечніка, пенальчыка або мяккай цацкі.

Заказы на гэтую паслугу па тэрыторыі Беларусі прымаюцца да 22 снежня, у краіны СНД і далёкага замежжа - да 1 снежня, да 30 лістапада на яе дзейнічае зніжка. «Віншаванне Дзеда Мароза» паступіць адрасату напярэдадні навагодніх святаў.

Апошнія навіны