BE RU EN

Журналіст Business Insider тыдзень глядзеў расейскае ТВ, каб ацаніць шкоду для мозгу

  • 21.11.2014, 9:45

Прапаганда настолькі магутная, што пасля крамлёўскіх каналаў няма жадання глядзець нешта яшчэ.

Выхадзец з Расеі, журналіст выдання Business Insider Віталь Каценельсон, які пражывае ў ЗША, наважыў цягам тыдня чытаць і глядзець толькі расейскія сродкі масавай інфармацыі, адмовіўшыся ад альтэрнатыўных крыніц, піша gordonua.com.

Ён адзначыў, што жывучы ў Дэнверы, чытае пераважна амерыканскія і еўрапейскія газеты.

«Я хацеў паглядзець, што адбываецца ў Расеі і Украіне з пункту гледжання Расеі, таму я адважыўся на сямідзённую навінавую дыету: я глядзеў толькі расейскую тэлевізію «Первый канал» Расеі, які належыць дзяржаве, які я не глядзеў больш чым 20 гадоў, і чытаў «Правду», - піша журналіст.

Па заканчэнні сямі дзён паглынання навін з расейскіх СМІ аўтар прызнаў, што «складана не развіць у сабе мноства сумневаў што да сваіх папярэдніх поглядаў». Ён адзначыў, што неабходна нагадваць сабе, што ў пуцінскай Расеі няма свабоднай прэсы.

«Я заўсёды ўважаў інтэрнэт несупыннай дэмакратычнай сілай, якая заўсёды дазволіць праўдзе праслізнуць праз расколіны ў нават самай магутнай сцяне прапаганды. Я не меў рацыі. Пасля прагляду расейскай тэлевізіі вы не хочаце чытаць заходнюю прэсу, таму што вы перакананыя, што яна хлусіць. І што больш важна, расейская ТВ настолькі магутная, што вы нават не хочаце глядзець што-небудзь яшчэ, таму што перакананыя, што маеце на распараджэнні бясспрэчныя факты», - сцвярджае Каценельсан.

Са слоў журналіста, прапаганда «прымушае правае паўшар'е мозгу (эмацыянальнае) пераважаць над левым (лагічным), у той жа час засмечваючы ўсе лагічныя фільтры».

«Факты - гэта не тое, чым занепакоеная расейская тэлевізія. Як толькі эмацыйныя вобразы і шмат дэзінфармацыі напоўняць правае паўшар'е мозгу, яно перамагае левае, якое капітулюе і спыняе ставіць пад сумнеў пададзеную інфармацыю», - рэзюмаваў Каценельсан.

Апошнія навіны