BE RU EN

Расея перакінула ва Украіну яшчэ 100 адзінак бронетэхнікі

  • 18.11.2014, 21:29

Расея сумесна з тэрарыстамі фарміруе ўдарныя групоўкі.

У перыяд з 15 па 17 лістапада ва Украіну ўвайшла значная колькасць расейскай бронетэхнікі. Пра гэта сёння на брыфінгу паведаміў спікер МЗС Украіны Яўген Перабійніс, - паведамляе ЛІГАБізнесІнформ.

Ён адзначыў, што, ігнаруючы Менскія дамоўленасці, расейскі бок прадаўжае актыўна перапраўляць праз дзяржаўную мяжу Украіны вайсковую тэхніку і асабісты склад сваіх узброеных сіл. Так, з 15 па 17 лістапада зафіксаванае ўварванне ва Украіну праз памежныя пункты пропуску Ізварын у Луганскай вобласці і Новаазоўск у Данецкай вобласці некалькіх калон вайсковай тэхнікі агульнай колькасцю больш за 100 адзінак, у тым ліку танкі, бронетранспарцёры, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, цяжкая артылерыя.

Паводле слоў Перабійніса, Расея сумесна з тэрарыстамі фарміруе ўдарныя групоўкі і засяроджвае вайсковую тэхніку, а таксама асабісты склад на данецкім, дэбальцаўскім і луганскім напрамках.

Нагадаем, сёння генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг зноў абвінаваціў Расею ў ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Украіны. "Расея прадаўжае дэстабілізацыю Украіны, мы бачым рух сіл, тэхнікі, танкаў, артылерыі і складаных сістэм СПА. Гэта парушэнне дамоўленасці аб спыненні агню. Мы заклікаем Расею вывесці войскі з усходу Украіны і выканаць усе міжнародныя дамоўленасці", - заявіў ён.

Апошнія навіны