BE RU EN

Верхаводаў баевікоў уключаць у «чорны» спіс ЕЗ

  • 17.11.2014, 16:59

У Брусэлі сёння разглядалася пытанне аб пашырэнні санкцый супраць верхаводаў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Такім чынам Еўразвяз збіраецца адрэагаваць на праведзеныя баевікамі 2 лістапада выбары, якія ён назваў незаконнымі.

Як заявілі дыпламаты Reuters, кіраўнікі МЗС Еўразвяза мяркуюць, што пашыраны спіс функцыянераў ЛНР і ДНР варта падрыхтаваць да канца лістапада. Агенцтва таксама адзначае, што размовы пра ўзмацненне санкцый супраць Расеі на сустрэчы не ішло, паведамляе РБК.

Як удакладняе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы ў Брусэлі гішпанскага агенцтва EFE, пад санкцыі патрапяць асобы, дзеянні якіх ставяць «пад пагрозу суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны».

Раней федэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што на будучай сустрэчы міністраў замежных спраў Еўразвяза не будзе разглядацца пашырэнне эканамічных санкцый супраць Расеі. З яе слоў неабходна ўвесці візавыя і фінансавыя абмежаванні на службовых асоб ЛНР і ДНР, якія занялі свае пасады паводле вынікаў «выбараў».

Апошнія навіны