Бунт на мэблевай фабрыцы ў Берасці: рабочыя прыйшлі за грашыма
- 17.11.2014, 16:47
86 работнікаў Берасцейскай мэблевай фабрыкі прыйшлі да яе прахадной, каб атрымаць працоўныя кніжкі і належныя ім выплаты.
Усё гэта робіцца паводле пастановы ўласніка мэблевай фабрыкі - ААТ «Івацэвічдрэў»: 5 верасня 2014 года на сходзе акцыянераў была прынятая пастанова аб ліквідацыі гэтага прадпрыемства. Абураныя людзі запрасілі прадстаўнікоў СМІ і перад імі выказалі сваю незадаволенасць тым, што адбываецца, паведамляе «Віртуальны Брэст».
Заснаваная ў 1956 годзе на базе арцелі «Стаханавец», фабрыка не дажыла да свайго 60-годдзя ўсяго два гады. А калісьці гэта было адно з галоўных прадпрыемстваў горада.
Як высветлілася, шмат якім працоўным і інжынерам яшчэ не выплачаная кампенсацыя ў памеры 2/3 зарплаты за вымушаны прастой ў кастрычніку. А больш за ўсё людзей хвалюе, што належныя ім выплаты яны атрымаюць цалкам толькі пасля распродажу маёмасці і нерэалізаванай прадукцыі фабрыкі. Высакакласныя спецыялісты перадпенсійнага ўзросту перажываюць, што не змогуць знайсці працу.
Фота: «Віртуальны Брэст»