BE RU EN

Кіроўца аўтобуса страціў прытомнасць і ўрэзаўся ў слуп у Гомелі

  • 17.11.2014, 12:27

Са слоў відавочцаў, кіроўцу стала блага, яго забрала «хуткая».

Раніцай у нядзелю ДТЗ з гарадскім аўтобусам, які толькі выехаў з аўтапарка, адбылося на вуліцы Свірыдава ў Гомелі. Як пішуць відавочцы ў сацсетках, аўтобус-гармонік «МАЗ» 17-га маршруту ехаў па пустой вуліцы, але раптам звярнуў, перасёк дзве паласы і ўрэзаўся ў асвятляльную апору, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Ніхто не пацярпеў, у салоне была толькі кандуктарка. А кіроўцу сярэдняга ўзросту, са слоў відавочцаў, забрала «хуткая» - ён страціў прытомнасць за стырном. Якія праблемы са здароўем узніклі ў кіроўцы будуць высвятляць медыкі.

Сёлета гэта ўжо не першая з удзелам рэйсавых аўтобусаў аварыя ў Гомельскай вобласці, якая адбылася праз рэзкае пагаршэнне самаадчування кіроўцаў. У студзені гарадскі аўтобус у цэнтры Гомеля звярнуў у сквер і збіў да смерці жанчыну на тратуары. Прычынай страты прытомнасці кіроўцам стаў раптоўны сутаргавы прыступ.

А зусім нядаўна ў Мазырскім раёне кіроўца рэйсавага аўтобуса памёр за рулём прама на трасе, як мяркуецца, праз сардэчны прыступ. Але ў тым выпадку кіроўца паспеў з'ехаць на абочыну і спыніць аўтобус.

Апошнія навіны