BE RU EN

Пуцін датэрмінова пакінуў саміт G20

  • 16.11.2014, 8:25

Прэзідэнт Расеі датэрмінова пакінуў саміт «Вялікай дваццаткі» ў аўстралійскім Брысбене.

Уладзімір Пуцін зладзіў выніковую прэс-канферэнцыю ў нядзелю раніцай - калі астатнія ўдзельнікі саміту G20 сабраліся за працоўным сняданкам. Ён патлумачыў сваю пастанову пакінуць Брысбэн да апублікавання выніковага камюніке загружанасцю графіка і неабходнасцю крыху паспаць, паведамляе BBC.

«Каб не было тут ніякіх спекуляцый, чаму я не пайшоў на сняданак - застаўся тут міністар фінансаў, і ён паведаміць тое, што я распавёў пра нашы намаганні ў напрамку барацьбы з Эбола - сказаў Уладзімір Пуцін. - Нам адсюль да Уладзівастока ляцець 9 гадзін і ад Уладзівастока да Масквы яшчэ дзевяць гадзін. Яшчэ трэба да хаты дабрацца і ў панядзелак трэба на працу выйсці. Хоць бы чатыры-пяць гадзін трэба паспаць».

Апісваючы свае ўражанні ад саміту G20 Пуцін сказаў, што «гаспадары саміту стварылі спрыяльную атмасферу для працы «дваццаткі» добразычлівую і дзелавую атмасферу. Мяркую, што праца прайшла ў канструктыўнай абстаноўцы».

Расейскі прэзідэнт на саміце G20 апынуўся пад шквалам крытыкі з боку заходніх лідэраў у сувязі з роляй Масквы ў канфлікце на ўсходзе Украіны. Аднак на прэс-канферэнцыі ён распавёў, што на афіцыйных дыскусіяў пытанне Украіны не ўздымалася, а абмяркоўвалася толькі на двухбаковых сустрэчах, падчас якіх «бакам удалося зразумець адзін аднаго».

У прыватнасці, у суботу расейскі прэзідэнт сустракаўся з адным з галоўных крытыкаў расейскай палітыкі на Украіне - брытанскім прэм'ер-міністрам Дэвідам Кэмеранам, які сказаў: «Мы хочам бачыць з боку Расеі павагу да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і да права гэтай краіны на выбар сваёй будучыні».

«Гутаркі былі вельмі адкрытымі, змястоўнымі, і, на мой погляд, карыснымі - так апісаў Уладзімір Пуцін гэтыя двухбаковыя сустрэчы. - Мне здаецца, мы змаглі з калегамі лепш адзін аднаго зразумець, зразумець матывы дзеянняў Расеі, і да мяне яны данеслі свае заклапочанасці. Думаю, што гэта нам дапаможа. Сітуацыя агулам, на мой погляд, мае добрыя перспектывы да ўрэгулявання, як гэта ні здаецца дзіўным».

Апошнія навіны