BE RU EN

Apple абыйшла ў кошце ўвесь рынак акцый Расеі

  • 14.11.2014, 18:01

Агульная капіталізацыя расейскага рынка акцый упала ніжэй за капіталізацыі Apple.

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на звесткі індэкса Bloomberg Russia Exchange Market Capitalization на 13 лістапада.

З пачатку бягучага года капіталізацыя фондавага рынку Расеі скарацілася на 268 мільярдаў даляраў, да 498 мільярдаў даляраў. У той жа час рынкавы кошт кампаніі Apple вырас на 192 мільярда даляраў і дасягнуў 661 мільярда даляраў.

14 лістапада індэкс РТС зноў апусціўся ніжэй за 1000 пунктаў на фоне падзення нафты і курсу рубля. Курс еўра да рубля на Маскоўскай біржы з раніцы перавышаў 59 рублёў, а даляра - 47 рублёў. Пры гэтым кошт нафты гатунку Brent апускаўся ніжэй за 77 даляраў за барэль і дасягаў адзнакі 76,76 даляра - мінімуму з сакавіка 2010 года.

З чэрвеня бягучага года кошт барэля нафты гатунку Brent абваліўся ўжо больш чым на 30 працэнтаў. За той жа перыяд даляр вырас да рубля на 38 працэнтаў, а еўра - на 26 працэнтаў. Індэкс РТС, выражаны ў далярах, на фоне падзення рубля страціў з пачатку года 31 працэнт, апусціўшыся да мінімумаў 2009 года.

Апошнія навіны