BE RU EN

Ля берагоў Аўстраліі напярэдадні візіта Пуціна з'явіліся вайсковыя караблі РФ

  • 12.11.2014, 14:17

Група расейскіх вайсковых караблёў знаходзіцца ў паўночных водах Аўстраліі.

Яны суправаджаюць візіт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна на сустрэчу G20 у Брысбене ў гэтыя выхадныя, 14-16 лістапада. За імі назіраюць аўстралійскія патрульныя караблі і выведвальныя самалёты, піша NEWSru.com.

Караблі, як чакаецца, будуць заставацца ў міжнародных водах у рамках міжнародных законаў, вядомых як "права на транзіт у адкрытым моры". Гэта дапускаецца міжнародным правам.

У той жа час Мінабароны Аўстраліі не ведае пра якія-небудзь вайсковыя судны з іншых краін для суправаджэння сваіх лідараў. Толькі РФ наважылася на падобную акцыю, паведамляе The Australian.

Чыноўнікі Аўстраліі мяркуюць, што гэта дэманстрацыя мускул з боку Расеі звязаная з заявамі прэм'ера Тоні Эбата аб жаданні "паваліць на зямлю" Пуціна ў славеснай барацьбе на саміце G20.

Атрад караблёў Ціхаакіянскага флоту (ТАФ) у складзе гвардзейскага ракетнага крэйсера "Вараг", вялікага супрацьлодкавага карабля "Маршал Шапашнікаў", танкера "Барыс Бутам" і выратавальнага судна "Фоцій Крылоў" выйшаў на баявую службу ў Ціхі акіян 23 кастрычніка, паведамляў ТАСС. У задачы гэтага паходу ўваходзіць забеспячэнне вайскова-марской прысутнасці і дэманстрацыя сцяга ў рэгіёне.

Адзначым, што вайсковыя караблі расейскага Ціхаакіянскага флоту суправаджалі візіт былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева ў Сан-Францыска ў 2010 годзе. Таксама расейскі карабель быў накіраваны на пасяджэнне АТЭС у Сінгапуры ў 2009 годзе.

Апошнія навіны