У Фінляндыі вераць, што Пуцін анексаваў Крым «у паніцы»
- 12.11.2014, 11:26
На думку міністра замежных спраў Фінляндыі Эркі Туаміоя, анэксія Крыма Расеяй была свайго роду панічнай рэакцыяй.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Yle.
Як мяркуе кіраўнік МЗС, Расея такім чынам «панічна» адрэагавала на падзеі ва Украіне.
Разам з тым, ён не выключае думкі пра тое, што РФ усё ж мела пэўныя вайсковыя рэсурсы для такіх дзеянняў, піша eurointegration.com.ua.
«Расея проста скарысталася момантам, але калі б яна палічыла, што рызыкі і выдаткі будуць занадта высокімі, то ўстрымалася б ад падобных дзеянняў», - сказаў ён.
«Такім чынам, трэба паклапаціцца аб тым, каб усе гульцы сусветнай палітыкі ўсведамлялі рызыкі і наступствы ад сілавой палітыкі», - адзначыў Туаміоя.
З ягоных слоў, відавочна, што сепаратысты цалкам залежаць ад расейскай падтрымкі, фінансавання і зброі.
Ён адзначае, аднак, што сепаратысты ўяўляюць сабой «даволі змяшанае насельніцтва».
Туаміоя таксама ў чарговы раз падкрэсліў, што патрэбы ў новых санкцыях няма, паколькі яны могуць яшчэ больш абвастрыць крызіс.
Нагадаем, кіраўнік МЗС Фінляндыі адрозніваецца сваім скептычным поглядам на ўвядзенне санкцый супраць Расеі.
У той жа час прэм'ер-міністр Фінляндыі Аляксандр Стуб мяркуе, што Еўропа павінна весці палітыку санкцый у дачыненні да Масквы.
Фота: Getty Images