BE RU EN

Невядомыя агітуюць жыхароў Латгаліі аддзяліцца ад Латвіі

  • 11.11.2014, 21:08

Кіраўнік Краслаўскага краю скардзіцца на агітатараў за далучэнне Латгаліі да Расеі.

Старшыня думы Краслаўскага краю Гунарс Упеніекс (Саюз "зялёных" і сялян) скардзіцца, што ў раёнах, якія знаходзяцца ля латвійска-расейскай мяжы, нейкія актывісты агітуюць аб далучэнні Латгаліі да Расеі.

Пра гэта ў аўторак, 11 лістапада, паведамляе Delfi са спасылкай на газету Diena.

"Актывісты прыходзяць да людзей дадому, раздаюць буклеты і распавядаюць аб магчымасцях далучэння Латгаліі да Расеі. Інфармацыя хутка даходзіць да думы, але ў нас няма магчымасці спыніць гэты рух. Яны ходзяць у школы і іншыя грамадскія ўстановы. Хтосьці казаў пра грошы, якія прапануюцца людзям, што займаюць кіруючыя пасады, каб кіраўнікі калектываў пераходзілі на бок [агітатараў]. Я абмеркаваў гэтую справу з калегамі з самакіраванняў іншых краёў. Але ў нас няма магчымасці ўмешвацца. Я не ведаю, куды глядзіць Паліцыя бяспекі", - распавёў Г.Упеніекс.

"Людзей, у якіх ёсць праца і аўтамабіль, такія спробы агітацыі, можа быць, не пераканаюць. Яны адкажуць, што тут у Латвіі добрае жыццё. Бедных людзей прасцей пераканаць у тым, што вялікі сусед можа быць выратаваннем", - мяркуе кіраўнік Краслаўскага самакіравання.

Зрэшты, кіраўнікі іншых латгальскіх самакіраванняў не лічаць, што ў рэгіёне ўзнікла пагроза для бяспекі. Старшыня думы Лудзенскага краю Аліна Гендэле (латгальская партыя) сцвярджае, што за выключэннем дзеянняў некалькіх людзей сталага ўзросту ў былой партыі Ліндэрман, у горадзе і краі - спакойнае становішча. Намеснік кіраўніка думы Зілупскага краю энергічна пракаментаваў сітуацыю з бяспекай: "Чаму так дрэнна думаюць пра наш край? Уся моладзь выдатна гаворыць на латышскай мове. У нас жывуць самыя вялікія патрыёты Латвіі! Людзям тут даводзіцца больш думаць аб бытавых рэчах, у іх няма часу падпісвацца пад глупствам".

У Паліцыі бяспекі не сталі даваць каментароў аб аператыўных мерапрыемствах у Латгаліі. ПБ заклікае жыхароў паведамляць аб дзеяннях, накіраваных супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага парадку Латвіі.

Апошнія навіны