BE RU EN

Экспарт бітумных сумесяў вырас у 72 разы

  • 11.11.2014, 17:10

Беларусь у студзені-верасні 2014 экспартавала 720,9 тысяч тон бітумных сумесяў.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года фізічны экспарт гэтай прадукцыі павялічыўся ў 72 разы, піша БелаПАН.

У грашовым выражэнні экспарт бітумных сумесяў у студзені-верасні склаў 333,5 млн даляраў і вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 84 разы.

Нагадаем, пытаннем рэзкага павелічэння экспарту бітумных сумесяў зацікавілася у гэтым годзе расейская старана, якая планавала правесці комплексны аналіз гэтай тэмы.

Вывучыць гэтае пытанне Расея планавала ў мэтах спынення паўтарэння схемы з так званымі растваральнікамі, якую Менск выкарыстаў у 2012 годзе. У Маскве выказалі здагадку, што пад прыкрыццём бітумных сумесяў беларускія пастаўшчыкі могуць экспартаваць нафтапрадукты і такім чынам не выплачваць вывазныя мыты ў расейскі бюджэт.

Як паведамлялася раней, рэзкі рост экспарту беларускіх растваральнікаў два гады таму стаў падставай для правядзення Расеяй спецыяльнага расследавання. Масква тады западозрыла Беларусь у экспарце паліва пад выглядам растваральнікаў, што дазваляла пазбегнуць выплаты вывазных мытаў на нафтапрадукты ў расейскі бюджэт.

Абмеркаванне гэтага пытання дайшло да ўзроўню прэм'ер-міністраў і прэзідэнтаў дзвюх краін. У выніку ў верасні 2012 года кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч заявіў аб спыненні экспарту растваральнікаў.

Апошнія навіны