BE RU EN

Дзяшчыца стане амбасадарам Украіны ў Польшчы

  • 9.10.2014, 16:25

Прызначэнне адбудзецца цягам бліжэйшых дзён.

Пра гэта «Украінскім навінам» паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы.

Са слоў суразмоўцы агенцтва, Пётр Парашэнка таксама мае намер прызначыць былога амбасадара Украіны ў ЗША Алега Шамшура паслом Украіны ў Францыі. Пытанне прызначэння новых паслоў Украіны, у тым ліку і ў краіны Еўрапейскага Звязу, будзе разглядацца бліжэйшым часам. «Прынамсі, плануецца прызначэнне амбасадарам Украіны ў Польшчы Андрэя Дзешчыцы і амбасадарам Украіны ў Францыі - Алега Шамшура. Ужо атрымаў агрэман ад краін знаходжання, і, я думаю, гэта можа быць пытаннем бліжэйшых дзён», - сказаў Чалы.

Адзначым, Дзяшчыца выконваў абавязкі міністра замежных спраў Украіны з 27 лютага да 19 чэрвеня 2014 года. Шамшур знаходзіўся на пасадзе амбасадара Украіны ў ЗША са снежня 2005 года да траўня 2010 года.

14 чэрвеня ў Кіеве ля будынка амбасады Расеі пачаўся мітынг, які перарос у беспарадкі. На месца падзей прыбыў тагачасны в.а. міністра замежных спраў Дзяшчыца і нецэнзурна выказаўся ў адрас Уладзіміра Пуціна, падтрымаўшы выкананне папулярнай ва Украіне песні пра расейскага кіраўніка дзяржавы. Праз некалькі дзён Дзяшчыца падаў у адстаўку, яго заяву Вярхоўная Рада падтрымала 319 галасамі.

Фота: ukrafoto.com

Апошнія навіны