BE RU EN

За «чырвоную палосу» на знаку ля ўезду ў Салігорск пагражаюць крымінальнай справай

  • 8.10.2014, 19:28

Крымінальную справу «за апаганьванне» 15-мэтровага знака на ўездзе ў сталіцу шахцёраў маецца заводзіць салігорская міліцыя.

Гаворка пра сімвалічную акцыю арт-групы «Партызан» да ўгодак Аршанскай бітвы. Інфармацыю аб падрыхтоўцы крымінальнай справы мясцовы праваабаронца Леанід Мархотка атрымаў ад начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Георгія Крывальцэвіча, адказнага за апазіцыю ў Салігорскім РАУС. На гэты момант праводзіцца пракурорская праверка і збіраюцца матэрыялы, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

- Гэты знак не з'яўляецца помнікам культуры, які ахоўваецца дзяржавай. Чырвоная палоса на ім, мяркуючы з фота ў інтэрнэце, не змяшчала ніякіх цынічных надпісаў або малюнкаў. Таму не зусім зразумела, у чым выявіліся вандалізм і апаганьванне, - кажа праваабаронца. - На маю заўвагу з гэтай нагоды Крывальцэвіч шчыра сказаў, што ёсць наказ ад вышэйшага кіраўніцтва распачаць справу. У выніку неўзабавае будзем мець нейкую абсурдную крыміналку «за чырвоную палосу».

Раней намеснік Крывальцэвіча маёр Яўген Жылінскі заяўляў, што ніякага крыміналу ў гэтай чырвонай палосе няма. Паводле ягоных слоў, знак не быў сапсаваны, бо чырвоная палоса была не намаляваная, а аздобленая чырвонымі шпалерамі.

Зрэшты, гэтая справа ўжо стала падставай для пераследу вядомых моладзевых актывістаў горада. У рамках праверкі ў справе былі апытаныя маладафронтаўцы Андрэй Тычына і Іван Шыла, а ў актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Уладзіміра Лемеша быў праведзены ператрус з канфіскацыяй апазіцыйнай сімволікі і літаратуры.

Апошнія навіны