BE RU EN

Віталь Рымашэўскі: Улады не далі ні адной падставы для зняцця санкцый ЕЗ

  • 30.10.2014, 19:12

Намаганні еўрапейскіх лабістаў рэжыму таксама не прынеслі жаданага выніку.

Такое меркаванне charter97.org выказаў палітык, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы сённяшняе рашэнне Еўразвяза аб падаўжэнні санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія сістэматычна парушалі правы чалавека ў Беларусі і ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў. Тым не менш, санкцыі з 24 фізічных і 7 юрыдычных асоб былі знятыя - імёны пакуль агучаныя не былі.

- Я лічу, што тыя санкцыі, якія засталіся - цалкам лагічныя. Нягледзячы на агульнаеўрапейскі трэнд супрацоўніцтва з беларускім рэжымам, улады не далі ні адной падставы, каб адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам у самай справе памякчэлі. Насуперак сваім папярэднім заявам аб тым, што, па меншай меры, да вызвалення палітвязняў весці супрацоўніцтва з беларускім рэжымам Еўразвяз не будзе, еўрапейскія чыноўнікі зрабілі усё, што магчыма, каб ад гэтага супрацоўніцтва аднавілася. Але тое, што ўсе санкцыі не былі знятыя - я лічу, што гэта добры крок. Сёння, ва ўмовах, калі ў Беларусі з'явілася некалькі новых палітвязняў - Юры Рубцоў і Павел Вінаградаў, і нават Максім Вінярскі, якога пастаянна судзяць і не выпускаюць - скасаванне санкцый было б як сігнальная ракета для рэжыму. Знак таго, што Еўрасзвяз дазваляе яму ўжыць разнастайныя далейшыя рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Таму тое, што хаця б часткова санкцыі пакінулі - крок правільны і адзіны магчымы ў гэты момант з боку Еўразвяза.

- Як вы лічыце, хто можа апынуцца сярод выключаных з санкцыйнага спісу?

- З размоў з палітыкамі і з дыпламатамі мне вядома, што сярод выключаных са спісу людзей ёсць тыя, хто даўно ўжо не жыве ў Беларусі, нехта пакінуў свае пасады або сышоў на пенсію. Такіх людзей прапанавалі выключыць са спісу. Што тычыцца кампаній - у сутнасці, хутчэй за ўсё, гэта будуць кампаніі набліжаных да Лукашэнкі алігархаў, якія раней трапілі ў гэты спіс.

- Чаму Еўразвяз пайшоў на частковае скарачэнне спісу персон і кампаній «нон-грата»?

- Частковае зняцце санкцый - гэта вымушаны крок Еўразвяза. Памяншэнне гэтага спісу - гэта падарунак, які еўрапейскія лабісты маглі зрабіць беларускім уладам. У гэтых адносінах лабісты зрабілі ўсё, што маглі, па максімуму. Гэты «падарунак» быў зроблены з жадання супрацоўнічаць, сёння гэта падаецца пад падліўкай захавання незалежнасці Беларусі на фоне падзей ва Украіне і з жадання уцягнуць Беларусь у еўрапейскія працэсы і вызваліць ад адназначнай залежнасці ад Расеі.

- Як вы ацэньваеце такую стратэгію еўрапейскіх чыноўнікаў? Ці прынясе гэта плён?

- Я лічу, што гэта памылковая стратэгія, якая вынікаў не дасць. Еўразвяз, у сутнасці, робіць амаральныя крокі, адмаўляючыся ад каштоўнасных арыенціраў, аддаючы перавагу прагматызму, у той жа час, Еўразвяз не прапануе Беларусі ў цэлым такі фармат узаемадзеяння, які сапраўды мог бы «завязаць» беларускую эканоміку больш на Еўропу, чым на Расею. І рэальных прапаноў, якія б цікавілі беларускі рэжым - а гэта, у асноўным, фінансавыя прапановы - у Еўразвяза няма. Рабіць палітычныя саступкі пры гэтым проста глупства.

Нагадаем, сёння яшчэ на год былі падоўжаныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх улад, аднак часткова санкцыі былі знятыя - з 24 фізічных і 7 юрыдычных асоб. Такім чынам, пасля карэкцыі «чорнага спісу» пад візавыя і эканамічныя абмежаванні ЕЗ падпадаюць 219 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Лукашэнка, і 25 кампаніі. Санкцыі ўведзеныя супраць «кашалькоў» дыктатара - Юрыя Чыжа, Уладзіміра Пефціева і Анатоля Тарнаўскага і іх фірмаў. Абмежавальныя меры супраць улад Беларусі дзейнічаюць з прычыны сістэматычнага парушэння імі праў чалавека і рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Апошнія навіны