BE RU EN

У Беларусі дэфіцыт пяску

  • 30.10.2014, 16:36

Вытворцы будаўнічых матэрыялаў і забудоўшчыкі, якія працуюць у Менску, сутыкнуліся з дэфіцытам пяску.

У асобных прадпрыемстваў запасаў хопіць на месяц працы, а некаторыя кампаніі ўжо цяпер не могуць закупіць неабходны мінімум сыравіны для вытворчасці, паведамляе агенцтва «Бізнэс-навіны».

Калі праблема паставак пяску застанецца нявырашанай, вытворцам будматэрыялаў прыйдзецца карэктаваць аб'ёмы выпуску прадукцыі, а забудоўшчыкам запавольваць тэмпы рэалізацыі шэрагу праектаў.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у студзені-верасні вытворчасць пяску скарацілася на 6,8% да 5 832 тысяч куб. метраў.

Асноўным вытворцам і пастаўшчыком пяску для будаўнічай галіны з'яўляецца ААТ «Нярудпрам». Як паведаміў прадстаўнік кампаніі, паводле вынікаў 2014 прагназуецца скарачэнне аб'ёмаў прыкладна на 20%.

Сёння прадпрыемства не можа задаволіць існуючы попыт на пясок у сувязі з узніклымі цяжкасцямі, звязанымі з адвядзеннем у Менскай вобласці зямель пад распрацоўку новых кар'ераў і функцыянаваннем існуючых кар'ераў.

У сапраўдны момант функцыянуюць тры кар'еры - «Менскі», «Заслаўе» і «Крапужына».

«Але ў «Заслаўі» запасаў фактычна няма, а «Крапужына», напэўна, будзем спыняць. Акрамя таго, што не адводзяцца землі пад новыя кар'еры, нам у дабавак да ўсяго не працягваюць дазволу на права карыстання дзеючымі кар'ерамі. Калі сітуацыя не зменіцца, то бліжэйшым часам функцыянаваць будзе толькі адзін кар'ер», - удакладніў прадстаўнік ААТ «Нярудпраму».

У кампаніі мяркуюць: для бесперабойных паставак пяску неабходна атрымаць землі як мінімум пад тры новыя кар'еры.

Пытанне выдзялення новых зямель пад кар'еры знаходзіцца на кантролі ў губернатара вобласці Сямёна Шапіры.

Аднак тэрміны развязання асноўных пытанняў эксплуатацыі кар'ераў пакуль не вядомыя.

На думку вытворцаў будматэрыялаў, сітуацыя з пастаўкамі пяску істотна ўскладнілася, што ў кароткатэрміновай перспектыве можа негатыўна адбіцца на вытворчай дзейнасці.

Напрыклад, ААТ «Менскі камбінат сілікатных вырабаў» пакуль выкарыстоўвае ў вытворчасці запасы пяску, назапашаныя летам. Але, са слоў прадстаўніка прадпрыемства, запасаў хопіць максімум на адзін месяц.

Калі кампанія не зможа атрымліваць неабходны аб'ём пяску пасля таго, як скончацца яго запасы, яна не зможа вырабляць прадукцыю ў ранейшых аб'ёмах.

У ААТ «Менскжалезабетон паведамілі, што ў сітуацыі, якая склалася, кампанія вымушана самастойна займацца пошукамі кар'ераў для паставак пяску.

У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва адзначаюць, што праблема дэфіцыту пяску на гэты момант у большай ступені закранула прадпрыемствы Менска, але небяспечная і для прадпрыемстваў Менскай вобласці.

Апошнія навіны