BE RU EN

NATO: Над Еўропай лётаюць вайсковыя самалёты РФ

  • 30.10.2014, 7:54

Незвычайная актыўнасць авіяцыі РФ зафіксаваная ў канцы кастрычніка.

Сілы NATO засеклі і прасачылі за чатырма групамі расейскіх вайсковых самалётаў, якія здзяйснялі вайсковыя манеўры 28-29 кастрычніка ў міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім, Паўночным, Чорным марамі, а таксама над Атлантычным акіянам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным Аб'яднаным камандаваннем NATO, піша «Корреспондент».

У прыватнасці ў камюніке адзначаецца, што 29 кастрычніка а 03:00 Цэнтральнаеўрапейскага часу радары NATO засеклі групу з васьмі самалётаў, якія былі вызначаныя знішчальнікамі Ф-16 ВПС Нарвегіі, што вылецелі на перахоп, як расійскія.

Паводле іх звестак, у групу ўваходзілі чатыры стратэгічныя бамбавікі Ту-95 і чатыры самалёты-запраўшчыкі Іл-78. Самалёты рухаліся з боку мацерыковай часткі Расеі і ляцелі ў міжнароднай паветранай прасторы над Нарвежскім морам. Яшчэ два расейскіх самалёта былі заўважаныя над Атлантычным акіянам на захад ад узбярэжжа Партугаліі.

У другую палову дня 29 кастрычніка радары NATO таксама зафіксавалі чатыры расейскіх самалёта - два Ту-95 і два знішчальнікі Су-27 у міжнародным паветранай прасторы над Чорным морам. Яшчэ некалькі самалётаў - два МіГ-31, два Су-34, два Су-24 і адзін Су-27 - радары NATO засеклі над Балтыйскім морам, адзначаецца ў камюніке Аб'яднанага камандавання NATO.

Яшчэ сем расейскіх знішчальнікаў былі заўважаныя ў міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам 28 кастрычніка, гаворыцца ў дакуменце.

Аб'яднанае камандаванне NATO называе такую актыўнасць у паветры незвычайнай.

Апошнія навіны