BE RU EN

З Польшчы дэпартуюць расейскага журналіста

  • 29.10.2014, 19:15

Польшча назвала шпіёнам расейскага журналіста, які раней працаваў у Беларусі.

Расейскі карэспандэнт Леанід Свірыдаў, якога МЗС Польшчы пазбавіла акрэдытацыі, можа быць высланы з краіны, паведамляе «Радыё Свабода».

Працэдуру дэпартацыі пачаў мазавецкі ваявода пасля адпаведнага звароту Агенцтва ўнутранай бяспекі. Свірыдава пазбавяць дазволу на часовае знаходжанне ў Польшчы.

Паводле польскіх СМІ, карэспандэнта РІА «Навіны» Леаніда Свірыдава падазраюць ў шпіянажы, а таксама ў дзейнасці, якая выходзіць за рамкі абавязкаў карэспандэнта. У прыватнасці, ён арганізоўваў паездкі польскіх журналістаў у Расею.

МЗС Польшчы паведамляе, што Свірыдава пазбавілі акрэдытацыі з 24 кастрычніка.

Упершыню Леанід Свірыдаў атрымаў журналісцкую акрэдытацыю ў польскім МЗС у 1998 годзе, з 2003 года стала жыве і працуе ў Польшчы. У 2006 годзе Свірыдаву адмовілі ў акрэдытацыі ў Чэхіі, адна з мясцовых газет абвінаваціла яго ў шпіянажы.

Раней Леанід Свірыдаў працаваў у Менску карэспандэнтам тэлеканала РТР і меў беларускае грамадзянства.

Апошнія навіны