Лётчыца Саўчанка апазнала свайго выкрадальніка ў верхаводзе ЛНР
- 29.10.2014, 14:07
Надзея Саўчанка ўбачыла Ігара Платніцкі праз тэлевізію.
Абаронца захопленай баевікамі і перапраўленай ў Расею ўкраінскай лётчыцы абскардзіў пастанову суда аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай. Пра гэта на сваёй старонцы ў «Твітэры» паведаміў адвакат Надзеі Саўчанкі Мікалай Палозаў.
«Надзея Саўчанка ўбачыла на ТВ і апазнала аднаго з яе выкрадальнікаў. Гэта былы камбат «Зари», а цяпер кіраўнік так званай ЛНР Ігар Платніцкі», - заявіў ён.
Адвакат таксама перадаў украінцам ад Надзеі Саўчанкі словы падзякі за падтрымку і давер.
Нагадаем, лётчыцу, якую ўжо абралі дэпутатам Вярхоўнай Рады, у Расеі хочуць судзіць праз «незаконнае перасячэнне мяжы».