BE RU EN

Менскі трамвай стаў фотагалерэяй

  • 29.10.2014, 10:12

Незвычайная фотавыстава будзе працаваць цягам тыдня.

Фотаздымкі на выставе - гэта замалёўкі з паўсядзённага жыцця жыхароў гарадоў і вёсак. Іх аўтары - бацька і сын, Сяргей і Дзмітрый Брушко, - людзі, якія рабілі здымкі ў розны час і з розным культурным бэкграундам, паведамляе CityDog.

- У трамваі 24 работы. Гэта выстава пра краіну, пра людзей, пра побыт. Напрыклад, ёсць дзве фатаграфіі: на адной - развітанне суседзяў, якіх высяляюць з вёскі праз радыяцыю. Пацалунак, слёзы... На другім - сустрэча суседзяў падчас Радаўніцы ў зоне адсялення. Гэта не тыя ж самыя людзі, гэта моманты растання і сустрэчы, - кажа Зміцер Брушко.

Ён прызнаецца, што Менска на выставе амаль няма і прывязваць яе да горада, нейкіх месцаў ці дат не варта. Проста выстава нябожчыка Сяргея Брушко праходзіла ў менскім трамваі ў 1988 годзе, а фатограф Андрэй Лянкевіч прапанаваў зрабіць сумесную выставу бацькі і сына ў рамках месяца фатаграфіі ў Менску ўжо ў 2014 годзе.

Куратар выставы Ганна Самарская рада, што супрацоўніцтва з транспартнікамі прайшло на пазітыве:

- Апошнія 15 гадоў у Менску не праходзілі трамвайныя выставы, таму для трамвайнага дэпо гэты фармат быў не вельмі зразумелы. Напрыклад, нас спачатку адправілі ў рэкламны аддзел, хоць не зусім ясна, як там могуць развязаць падобныя пытанні. Самае галоўнае, што ўсе супрацоўнікі і дэпо былі пазітыўна настроены, заўсёды ішлі насустрач і заняліся тэхнічнымі пытаннямі, хоць выстава і арганізоўвалася на бязвыплатнай аснове. Мы бясконца ім удзячныя.

Узгадненне адбывалася некалькі месяцаў. Так як выстава праходзіць у грамадскай прасторы, адбіраліся карцінкі, якія ні ў якім разе не выклічуць разладу і будуць цікавыя максімальна шырокаму колу людзей. Дзмітрый працаваў з фотаархівамі свайго бацькі, Сяргея Брушко, і падбіраў да іх свае здымкі па фармальнай прыкмеце - напрыклад, калі на архіўным фота хтосьці абдымаецца, то фотапара падбіралася таксама з абдымкамі.

Апошнія навіны