BE RU EN

Украіна, Расея і межы Еўропы

  • 28.10.2014, 16:00

Калі Еўропа зноў дазволіць дзяржавам заяўляць пра дамаганні на суседскія тэрыторыі, кантынент можа здрыгануцца.

Чарговая калонка пастаяннага аўтара Financial Times Гідэона Рахмана прысвечаная пытанню аб дапушчальнасці перакройвання еўрапейскіх межаў, піша Инопресса.ру.

Адпраўной кропкай яго разважанняў стала паведамленне, якое з'явілася на мінулым тыдні (і затым аспрэчанае), што некалькі гадоў таму прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прапаноўваў тагачаснаму прэм'ер-міністру Польшчы Дональду Туску падзяліць паміж сабой тэрыторыю Украіны. Зроблены гэтым паведамленнем "фурор" Рахман разглядае, як "праяву існага ў Еўропе глыбокага і апраўданага страху, што на кантыненце зноў можа пачацца перамяшчэнне дзяржаўных межаў - з усімі вынікаючымі з гэтага небяспекамі".

"У Еўразвязе цяпер ёсць уплывовыя людзі, якія заклікаюць украінцаў "прыняць рэчаіснасць". Замест таго, каб весці знясільваючую і пройгрышную вайну за вяртанне ўсходніх тэрыторый (за іх спустошаныя гарады, якія потым прыйдзецца аднаўляць), ім раяць засяродзіцца на тым, каб прывесці да поспеху бόльшую, па-ранейшаму падкантрольную ім частку краіны", - гаворыцца ў артыкуле.

"Але ёсць і іншыя ўплывовыя людзі, якія мяркуюць, што нават маўклівая згода з тым, што еўрапейскія межы аднойчы зноў могуць быць змененыя пры дапамозе ваеннай сілы, гэта фатальная памылка", - працягвае Рахман. Ён спасылаецца на пазіцыю былога міністра замежных спраў Швецыі Карла Більта, пасля чаго прыводзіць шэраг уласных довадаў на падтрымку гэтага пункту гледжання.

Самая відавочная рызыка складаецца ў тым, што расейскі ўрад ізноў прыменіць аргумент, выкарыстаны для апраўдання анэксіі Крыму, (...) для абгрунтавання захопу таго, што ў Крамлі цяпер звычайна называюць "Наваросія". Акрамя таго, працягвае ён, "калі б сур'ёзна пачалося рассячэнне Украіны, у іншых магла б паўстаць спакуса далучыцца да гэтага працэсу". Тут аўтар нагадвае пра рэвізіянісцкія заявы прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана і, акрамя таго, выказвае думку, што "нават некаторыя палякі маглі б спакусіцца ідэяй вяртання Львова".

Развіваючы гэтую думку, Рахман згадвае вучэнне Імануіла Канта аб катэгарычным імператыве: калі ўжыць яго тэорыю да сітуацыі з гіпатэтычным падзелам Украіны, стане ясна, "чаму быццам бы прагматычнае прыняцце тых абставінаў, што Расея анэксавала асобныя часткі Украіны, нясе ў сабе столькі небяспек. Калі Еўропа зноў дазволіць дзяржавам заяўляць пра дамаганні на суседскія тэрыторыі (няхай гэта будзе паводле гістарычных або этнічных прычын), кантынент можа здрыгануцца", заключае Рахман.

Апошнія навіны