BE RU EN

Журналісты з Магілёва патрабуюць пакараць паклёпнікаў

  • 28.10.2014, 9:12

Магілёўскія журналісты Ігар Барысаў і Алесь Буракоў напісалі скаргі на размяшчэнне ў інтэрнэце пра іх паклёпніцкіх матэрыялаў.

Адпаведныя заявы былі накіраваныя ў міліцыю і пракуратуру горада, піша сайт ПЦ «Вясна».

Усе публікацыі размешчаны на сайце, на якім размяшчаюць паклёпніцкія матэрыялы аб грамадскіх і палітычных актывістах Магілёва і вобласці. Адметна тое, што сайт актывізуецца напярэдадні выбарчых кампаній.

Ад праваахоўных органаў Ігар Барысаў і Алесь Буракоў патрабуюць знайсці асоб, якія ўчынілі на іх даносы, а таксама прыцягнуць іх да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Акрамя таго, незалежныя журналісты просяць абмежаваць доступ да гэтага сайту з тэрыторыі Беларусі.

- Пішуць розныя глупствы. Гэта як чую звон, ды не ведаю дзе ён. Усе факты нацягнутыя і абразлівыя. Надакучыла пра гэта чытаць, тым больш, што час ад часу невядомай асобай практыкуецца яшчэ і рассыланне гэтых матэрыялаў іншым грамадскім актывістам. Не адмаўляю таго, што да гэтага могуць мець руку і спецслужбы, - кажа Ігар Барысаў.

Трэба адзначыць, што месцам рэгістрацыі ўладальніка сайта з'яўляецца Адэса ва Украіне, а належыць ён ААТ «Тэхналогіі будучыні». Гэта вядома па выніках адказу грамадскага актывіста з Хоцімска Валерый Каранкевіч, які раней звяртаўся ў праваахоўныя органы з нагоды паклёпніцкіх матэрыялаў, якія былі размешчаны на гэтым сайце. Тады міліцыянты здолелі ўстанавіць, дзе зарэгістраваны гэты сайт, аднак знайсці і прыцягнуць да адказнасці тых асоб, якія займаюцца ягоным напаўненнем з ліку магілёўцаў не ўдалося.

Апошнія навіны