BE RU EN

Букет кветак выкладчыку будуць уважаць за хабар?

  • 27.10.2014, 9:11

Студэнтаў папярэдзілі, што букет кветак выкладчыку можа ўважацца за хабар.

Юрыдычныя тонкасці гэтага пытання растлумачыў пракурор Менска Сяргей Хмарук падчас сустрэчы з калектывам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, паведамляе «Інтэрфакс».

- Хабар можа быць дадзены толькі службовай асобе за яго дзеянні па службе, - заявіў ён. - Калі выкладчык на іспыце атрымлівае кветкі, і я як праваахоўнік давяду, што гэтыя кветкі былі дадзены яму за станоўчую пастанову пры выстаўленні адзнак, то гэта будзе ўважацца за хабар. Таму што выстаўленне адзнакі - гэта юрыдычна значнае дзеянне.

Іншымі словамі, варта адрозніваць падарунак як знак павагі да прафесійных і чалавечых якасцяў выкладчыка і падарунак як сродак уплыву на выстаўленне адзнак.

Дарэчы, у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам РБ дача хабару караецца папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. Дача хабару паўторна або ў буйной суме пагражае абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Апошнія навіны