BE RU EN

Жыхарам Дубая прапануюць 4 кг золата за адмову ад асабістага аўто

  • 25.10.2014, 18:31

Залаты злітак могуць здабыць тыя, хто адмовіцца ад асабістага транспарту на карысць грамадскага.

Транспартныя ўлады эмірата гатовыя падарыць 4 кілаграмы чыстага золата ў рамках святкавання Дня грамадскага транспарту, 1 лістапада, паведамляе BBC са спасылкай на сайт Gulf News. Такім чынам чыноўнікі спрабуюць матываваць людзей адмовіцца ад выкарыстання асабістых аўтамабіляў.

Залаты злітак і іншыя падарункі будуць разыгрывацца ў латарэю на працягу тыдня. У грашовым эквіваленце кошт каштоўных прызоў складзе 1 млн дырхамаў (272 тысячы даляраў).

Прэтэндаваць на падарункі змогуць толькі ўладальнікі Дубайскіх праязных.

У святкаванні возьме ўдзел легендарны баскетбаліст Карым Абдул-Джабар. Ён наведае баскетбольны матч, які правядуць побач з аўтобусным прыпынкам. Пераможца турніру па стрытболе атрымае 10 тысяч дырхамаў (2700 даляраў).

Дубай з'яўляецца адным з самых насычаных аўтатранспартам гарадоў свету: на кожную сям'ю ў сярэднім прыпадае па 2,3 аўтамабіля.

Пры гэтым усяго 13% грамадзян карыстаюцца грамадскім транспартам.

Апошнія навіны