BE RU EN

Пуцін прызнаўся, што гатовы ўварвацца ва Украіну

  • 25.10.2014, 13:05

Такім чынам экспэрты пракаментавалі яго "валдайскую" прамову.

Выступаючы падчас пасяджэння дыскусійнага клуба "Валдай" у Сочы, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін фактычна прызнаў, што пачаў поўнамаштабнае ўварванне, каб не адпусціць Украіну ў Еўрапейскі Звяз.

Пра гэта ў Facebook напісаў экс-віцэ-прэм'ер Расеі, палітык і бізнэсовец Альфрэд Кох.

Charter97.org прыводзіць паведамленне Коха без купюр:

"Некалькі гадоў запар вербаваў, падкупляў і шантажаваў увесь вышэйшы генералітэт і старэйшых афіцэраў украінскага войска і спецслужбаў. Карумпаваных высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў, уключаючы некалькіх прэм'ер-міністраў і нават самога прэзідэнта.

Выкарыстоўваючы ўвесь свой уплыў, пугай і пернікам прымусіў Януковіча адмовіцца ад падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ.

Потым, калі праз гэта пачаўся Майдан, даслаў Януковічу групу, якая складалася з інструктараў і снайпераў на чале з генералам ФСБ РФ, якая страляла ў мітынгоўцаў і прымушала Януковіча разагнаць Майдан.

Затым вымусіў Януковіча не падпісваць закон аб датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах і, тым самым сарваць выкананне падпісанай дамовы з апазіцыяй аб урэгуляванні. Зразумела, пры гэтым абвінаваціўшы апазіцыю ў такім зрыве.

Вывез дзеючага ў той момант прэзідэнта Украіны ў РФ, стварыўшы, тым самым сітуацыю двоеўладдзя ва Украіне, якая пагражала грамадзянскай вайной. Пачаў актыўна падтрымліваць данбаскіх сепаратыстаў, якія стаяць за Януковічам.

Правёў беспрэцэдэнтную па нахабству фактычна гвалтоўную анэксію Крыму, правёўшы "па-чураўскі" псеўдарэферэндум пад рулямі расейскіх дэсантнікаў, выдатна ведаючы, што гэты рэферэндум нікім і ніколі не будзе прызнаны і, тым самым, заклаў аснову для шматгадовага супрацьстаяння ўкраінскага і расейскага народаў.

Заслаў групы дыверсантаў у паўднёва-ўсходнія раёны Украіны. Справакаваў і прафінансаваў сепаратысцкія мітынгі і акцыі, якія прывялі да ўзброенага супрацьстаяння. Пасля гэтага працягваў (і да гэтага часу працягвае) падтрымліваць сепаратыстаў як узбраеннем, грашыма, так і кадрамі. У тым ліку - пасылаючы ў зону канфлікту цэлыя воінскія злучэнні войска і МУС РФ.

Правакаваў сепаратыстаў на выкарыстанне зенітных сістэм, пастаўляў іх ім, дапамагаў ім іх рамантаваць, навучыў карыстацца. У канчатковым выніку гэта прывяло да таго, што сепаратыстамі быў збіты пасажырскі самалёт з 300 чалавекамі на борце.

Выступіў на "Валдаі" з заявай, што ва ўсім, што здарылася ва Украіне, вінаваты Захад, а ён проста анёл і нявінная авечка, з якой адмовіліся весці цывілізаваны дыялог. А ён, маўляў, папярэджваў, што ўсё гэтым можа скончыцца.

Цяпер сухі астатак. Вось што з усяго гэтага выцякае: Пуцін учора, фактычна, прызнаўся, што яшчэ ў самым пачатку заяўляў: калі Украіна сыдзе з яго сферы ўплыву і канчаткова зробіць еўрапейскі выбар, то ён справакуе там грамадзянскую вайну і ўчыніць ўзброенае ўварванне.

Калі з ім адмовіліся размаўляць у такім тоне, ён абурыўся і назваў гэта "адмовай ад цывілізаванага дыялогу".

Апошнія навіны