BE RU EN

Алесь Марачкін: Палітыка Орды за 500 гадоў не змянілася

  • 24.10.2014, 9:12

Галоўная мэта Расеі - захоп новых земляў.

У сталічным Палацы мастацтва доўжыцца выстава, прымеркаваная да гадавіны Бітвы пад Оршай. На ёй прэзентуюцца каля сотні работ беларускіх мастакоў, сярод іх - і напісаныя на гістарычным Крапівенскім полі падчас пленэру. Удзельнік выставы, сябра аб'яднання «Пагоня» Алесь Марачкін адказаў на пытанні карэспандэнта «Радыё Свабода».

- Алесь, ці ўсё творы, тэматычна звязаныя з Аршанскай бітвай, удалося сабраць на выставу?

- На жаль, не ўсе, таму што сёе-тое разышлося па музеях, як, скажам, маляўнічы партрэт Канстанціна Астрожскага, напісаны Гаўрыілам Вашчанкам. Ён знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нясвіжскага замка. Няма на выставе і некаторых графічных твораў Арлена Кашкурэвіча. Прадстаўлена шмат жывапісных работ, ёсць інсталяцыі, прысвечаныя гэтай выдатнай даце. Увогуле, да выставы мы рыхтаваліся цягам усяго года. А некаторыя мастакі працавалі і раней, выстаўлена блізу сотні работ, ёсць што паглядзець. Перш за ўсё мне хацелася б адзначыць акварэлі Міколы Купавы, які даўно ўжо працуе над гэтай тэмай. Таксама метафарычныя працы старшыні нашага аб'яднання Генадзя Драздова, там ёсць над чым падумаць. Асабліва варта паглядзець «Сейбіта», які раскідвае бел-чырвона-белае зерне, а над ворывам лётаюць чорныя вароны, якія ператвараюцца ў драконаў, у самалёты ... Нельга не заўважыць і вялікую інсталяцыю Алеся Родзіна, яна аб'ёмная, вельмі арыгінальная і адначасова простая - фактычна як графіці ў чорна-белым варыянце. Вядома ж, нельга прайсці міма работ Ягора Батальёнкі, Георгія Скрыпнічэнкі або такога класічнага твора, як «Аршанская бітва» Міхаіла Басалыгі. Выдатны і ягоны «Канстанцін Астроскі на кані».

- На выставе прадстаўлены і ваш партрэт Астрожскага. На жаль, ён вісіць высока, не ўсе дэталі можна разгледзець.

- Гэты партрэт з серыі «Выдатныя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі». Акрамя ўсяго я хацеў там паказаць герб Астрожскага. А ніжэй можна заўважыць постаць маскоўскага воіна, які падае. Гэтым эпізодам я паказваю перамогу Астрожскага над маскоўцамі. Я асабіста ўдзячны Беларускаму саюзу мастакоў, які арганізаваў гэтую выставу творчага аб'яднання «Пагоня».

- Пісьменнік Леанід Дайнека (Аршанская бітва апісваецца ў яго рамане «Назаві сына Канстанцінам») правёў паралель паміж тагачаснымі падзеямі і вайной, якая ідзе ў Украіне. Маўляў, за 500 гадоў захопніцкая палітыка Масквы не змянілася. Сваёй карцінай «Навала» вы таксама самае хацелі сказаць?

- Тое ж самае, я цалкам згодны з Дайнэкам. Палітыка ўсходняй Орды ніяк не змянілася. «Навала» - гэта ўжо, на жаль, не вобраз, яна існуе ў рэальнасці. Гэта прызнаюць і нашы дзяржаўныя дзеячы. І я не мог на гэта не адгукнуцца. У свой час Пікаса (я з ім не раўняюся) напісаў сваю знакамітую «Герніку», калі бамбілі гэты горад у Гішпаніі. Сённяшні канфлікт украінцаў з Расейскай імперыяй, якая ашчэрылася на брацкую Украіну, - гэта тэма вельмі для нас актуальная, яна непазбежна будзе адлюстравана ў працах нашых мастакоў. У трывожныя часы цені нашых слаўных продкаў устаюць, як абаронцы нашай зямлі. Мы на іх абапіраемся.

- Вашу «Навалу» хочацца разгледзець падрабязней. Калі б выставу наведаў амбасадар Расеі спадар Сурыкаў, то мог бы пакрыўдзіцца за вольную трактоўку расейскага герба. Ён там з сярпом і молатам...

- Там як бы не зусім герб. Але мне падалося, што тая двухгаловая курыца абавязкова павінна быць з сярпом і молатам, і чырвонай зоркай. У гэтай імперыі - раней Савецкім Саюзе, цяпер Расейскай Федэрацыі - тая ж самая ідэалогія - пашыраць тэрыторыі, не лічыцца ні з кім. Як яны пра Украіну кажуць? Што гэта не дзяржава, а прыдуманая бальшавікамі рэспубліка. Калі так гаворыцца пра ўкраінцаў, то што можна сказаць пра нас? Мы ж з Расеяй - «саюзная дзяржава»! Калі гэта так, то мы таксама ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Але цэнтральны вобраз карціны - перш за ўсё Хрыстос, які кажа: «Даю вам запавет: любіце адзін аднаго». Запавет парушаецца тымі, хто падымае руку на братэрскі народ, а гэта вялікі грэх. Што тычыцца магчымай крыўды ... Вось мы кляймілі нямецкі фашызм, а немцы на гэта не абураюцца! А калі я паказаў ашчэр расейскага фашызму, чаму павінен крыўдзіцца расейскі народ? Тут трэба падзяляць.

- Але Аляксандр Лукашэнка, на выказванні якога вы абапіраліся, не вінаваціць у агрэсіі Расею. З ягоных слоў, у падзеях на паўднёвым усходзе Украіны вінаватыя Майдан і Януковіч.

- Давайце будзем разважаць папросту. Вось у вёсцы два дамы. У адным жыве мой бацька Антон Марачкін, у другой - сусед Іван Драмок. І вось яны канфліктуюць. А нейкі бандыт з лесу дае Івану Драмку зброю, нацкоўвае яго на Марачкіна. І - пачынаецца варожасць і вайна. Пытанне - хто ў гэтым вінаваты? Адказ - бандыт-ініцыятар. Хто падбухторваў і працягвае падбухторваць сепаратыстаў? Расея. Пуцін аднекваецца, але гэта проста фарысейства. На Данеччыне чые танкі - амерыканскія, беларускія, грузінскія? Чыя там зброя? І танкі, і зброя - расейскія. Хай там не ваюе рэгулярнае расейскае войска. Але там ваююць бандыты, якія прайшлі падрыхтоўку ў Чачні, у іншых канфліктных кропках, і іх забяспечвае зброяй Расея.

- Затрыманне ўдзельнікаў акцый на Крапівенскім полі пад Оршай стала ўжо сумнай традыцыяй. У гэтым годзе гэтага не адбылося. Як вы лічыце - чаму?

- Таму што Украіна адкрыла многім вочы на тое, чым ёсць на самай справе расейская імперыя. Хто такі на самой справе - гэты наш сусед. Ён - агрэсар. Калі мы збіраемся на Крапівенскім полі, а нас улады затрымліваюць, - гэта недарэчнасць. І паказальна, што ў сёлета абышлося без гэтага. На тым полі Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, аршанскія мастакі ладзілі пленэр, і на выставе прысутнічаюць творы з таго пленэру. Так што можна сказаць, наша выстава асветленая духам Аршанскай бітвы і тое, што яна закране душы гледачоў, я ў гэтым перакананы.

- Самае знакамітае палатно «Аршанская бітва», напісанае невядомым мастаком у XVI стагоддзі, знаходзіцца цяпер у Нацыянальным музеі Польшчы. На жаль, карціна ні разу не экспанавалася ў нас. А ці магчыма зрабіць з яе копію, скажам, для Мастацкага музея?

- Ідэя вельмі правільная, думаю, яе магчыма рэалізаваць. Я сам асабіста рабіў копіі партрэтаў для Музея гісторыі Беларусі. Сапраўды - было б выдатна. Там жа наша гісторыя, нашы людзі. Мікола Купава падлічыў, што на той карціне каля сарака бел-чырвона-белых сьцягоў. Думаю, прыйдзе час, і копію можна будзе зрабіць. Тая «Аршанская бітва» павінна быць на вокладках нашых падручнікаў гісторыі.

- Нядаўна на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка прызнаў, што Бранск і Смаленск - гэта беларускія землі. А віцэ-прэм'ер Тозік сказаў, што «страціць беларускую мову было б жахліва». Вы верыце ў тое, што беларуская ўлада нарэшце павернецца тварам да айчыннай гісторыі і культуры?

- Веру і не веру - 50 на 50. Любы гісторык, у тым ліку расейскі, ведае, чые былі Смаленшчына і Браншчына. У мяне ёсць карта Расейскай імперыі, здаецца, 1910 года, дзе пазначаныя беларускія землі. Па ёй прыкладна 50% нашых зямель адышло да іншых краін. Мы маўчым. А трэба нагадваць. І калі Лукашэнка нагадаў, то правільна зрабіў. Але якую шкоду ён нарабіў і яго ўлада за мінулыя 20 гадоў! Я сустракаюся з дзеткамі тых, якія ходзяць у беларускі ліцэй, размаўляю з імі па-беларуску, а яны - не разумеюць! Бо ў нас паўсюль руская мова. А родная мова, я лічу, мацней атамнай зброі. І беларусы павінны гэта ведаць. Менавіта па мове Расейская імперыя будзе вызначаць сваю тэрыторыю. І калі ўсе мы будзем размаўляць па-руску, то нас забяруць голымі рукамі. Таму беларуская мова - гэта не толькі культурная з'ява, якая сведчыць аб нашай ідэнтычнасці, гэта яшчэ і наша зброя.

Апошнія навіны