BE RU EN

Мінэнерга РФ папрасіла «Газпрам» дакупіць бензін за мяжой

  • 22.10.2014, 21:37

Мінэнерга РФ плануе абавязаць нафтавікоў закупляць бензін за мяжой у выпадку ягонага дэфіцыту на ўнутраным рынку.

Пакуль адпаведнае прадпісанне атрымаў толькі «Газпрам» - на 20 тысяч тон у месяц, піша ў сераду газета «Коммерсант».

Мінэнерга ў пачатку кастрычніка накіравала ў «Газпрам» ліст з просьбай імпартаваць у Расею бензін, распавёў газеце крыніца на паліўным рынку. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе пра патрабаванні ў чатырохбаковых пагадненнях аб мадэрнізацыі НПЗ, якія манаполія, паводле папярэдніх звестак, у гэтым годзе цалкам не выканае.

«Калі «Газпрам» у 2013 годзе пераносіў тэрміны мадэрнізацыі, ён даваў гарантыйны ліст, што ў выпадку неабходнасці паставіць на ўнутраны рынак бензін са знешніх крыніц», - растлумачыў суразмоўца выдання. Паводле ягоных слоў, у кастрычніку кампанія павінна завезці не менш за 20 тысяч тон высокаактанавага бензіну.

У Мінэнерга газеце паведамілі, што высновы аб выкананні або невыкананні пагадненняў будуць зроблены толькі паводле вынікаў года, адмовіўшыся каментаваць ліст. У «Газпраме» запэўнілі, што кампанія «цалкам выконвае абавязацельствы».

Паводле звестак выдання, «Газпрам» (без уліку «Газпрам нафты») валодае двума НПЗ у Расеі - Астраханскім і Сургуцкім, чыя доля на рынку складае каля 6,5% (2,4 мільёна тон). Гарантыйны ліст манаполіі мяркуе імпарт бензіну ў аб'ёме 250 тысяч тон у год, што прыкладна адпавядае сярэднямесячнаму імпарту 20 тысяч тон, адзначае выданне.

Аналагічны ліст «Раснафты» мяркуе імпарт 1 мільёна тон бензіну ў год. Крыніца газеты, знаёмы з сітуацыяй, кажа, што пакуль Мінэнерга не прасіла «Раснафту» аб такіх пастаўках. «З ФАС абмяркоўваецца своп-схема з дызельным палівам і бензінам для Далёкага Усходу, але пра імпарт гаворкі няма», - адзначае ён. У «Раснафце» ад каментароў адмовіліся, але крыніца ў кампаніі кажа, што яна і так актыўна завозіць бензін у праблемныя сібірскія рэгіёны, пастаўляючы яго сабе ў страту з НПЗ у Цэнтральнай Расеі і Беларусі.

Апошнія навіны