BE RU EN

Мясніковіч: Трэба працаваць з Расеяй над аб'яднаннем плацежных сістэм

  • 21.10.2014, 20:00

Беларусі і Расеі неабходна працаваць над аб'яднаннем нацыянальных плацежных сістэм.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 21 кастрычніка на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння Савета міністраў «саюзнай дзяржавы» ў Менску, піша «Наша Нiва».

«Лічым, што трэба павялічваць у разліках ва ўзаемным гандлі ўдзельную вагу расейскага рубля, - сказаў беларускі прэм'ер. - Мы за тое, каб працаваць не толькі над стварэннем нацыянальных плацежных сістэм, але і над аб'яднаннем нацыянальных плацежных сістэм».

На самім пасяджэнні саюзнага Саўміна кіраўнік беларускага ўрада заявіў: «Грошы - справа далікатная, гэта базавы элемент суверэнітэту. Але ў бягучай сітуацыі нам для пашырэння нашага сумеснага гандлю трэба шырэй выкарыстоўваць расейскі рубель. Гэта аб'ектыўная рэальнасць».

Падчас сустрэчы з журналістамі, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што Беларусь і Расея павінны таксама актывізаваць працу над стварэннем сумесных кампаній і акцыянерных таварыстваў як на двухбаковай аснове, так і з удзелам трэцяга боку.

Нагадаем, у Беларусі працуюць 2 тысячы 706 кампаній з расейскім капіталам. «За апошнія паўтара гады колькасць нашых сумесных кампаній прырасло на 200, гэта амаль 15%. За паўгода 3,6 мільярда даляраў інвестыцый з Расеі прыйшло ў Беларусь і 1 мільярд даляраў - з Беларусі ў Расею», - паведаміў беларускі прэм'ер.

Апошнія навіны