BE RU EN

Гарады-крэпасці, якія варта наведаць кожнаму турысту

  • 21.10.2014, 18:12

Самы просты спосаб зберагчы горад ад уварванняў захопнікаў або непагадзі - гэта акружыць яго глыбокімі равамі і ўзвесці непрыступную крапасную сцяну.

Прапануем вашай увазе захапляльныя здымкі знакамітых і маляўнічых гарадоў-крэпасцей з усяго свету, якія захаваліся практычна некранутымі да нашых дзён.

1. Таледа, Гішпанія

Фармальна крэпасць у Таледа мае толькі адну сцяну. З трох бакоў яна акружаная водамі ракі Тахо, таму сцяна забяспечвае абарону толькі з боку берага. Як і многія гарады-крэпасці, Таледа мае багатую гісторыю і захоўвае ўзоры архітэктуры маўрытанскага, рымскага і вестгоцкага перыядаў, піша viralnova.com.

2. Шыбам, Емен

Шыбам - гэта горад дзіўных хмарачосаў, самых старажытных на планеце, таму ён чымсьці нагадвае сучасны горад, за што атрымаў мянушку "Манхэтэн у пустыні". Аднак знешнасць бывае зманлівая. Гэтыя вышынныя будынкі (некаторыя з іх маюць 8 паверхаў), зробленыя з сырцовай цэглы, існуюць з 1500 года. Праз тэрыторыю горада праходзіў галоўны караванны шлях спецый і пахучасцей.

3. Пін’яо, Кітай

Пін’яо ў правінцыі Шаньсі ўяўляе сабой адзін з сярэднявечных гарадоў-крэпасцей у свеце, якія найбольш добра захаваліся. Горад быў закладзены ў якасці абарончага збудавання ў 827-782 гадах да нашай эры. Сёння ягонае насельніцтва складае каля 50 тысяч чалавек. Яго 6 масіўных брам размешчаны такім чынам, што горад нагадвае чарапаху.

4. Дуброўнік, Харватыя

Дуброўнік называюць "жамчужынай Адрыятыкі", і доўгі час ён з'яўляўся адзіным горадам на беразе Адрыятычнага мора, які па сваёй прыгажосці мог параўнацца з Венецыяй. Сёння Дуброўнік - гэта папулярны турыстычны кірунак, але ў Сярэднявеччы ён уяўляў сабой добра ўмацаваную крэпасць. Звернутыя да берага сцены горада ў таўшчыню дасягаюць ад 4 да 6 метраў.

5. Тарудант, Марока

Горад Тарудант вядомы таксама як "Бабуля Маракеш", таму што ў 16 стагоддзі ён з'яўляўся сталіцай дынастыі Саадытаў, перад тым як яна пераехала ў горад Маракеш. Тарудант славіцца сваёй гарадской сцяной, большая частка якой добра захавалася, мячэццю, датаванай 1528 годам, а таксама берберскімі і арабскімі кірмашамі, дзе можна набыць самыя разнастайныя тавары.

6. Фрэдрыкстад, Нарвегія

Сам горад-крэпасць быў заснаваны ў 1567 годзе каралём Фрэдэрыкам II, у гонар якога ён і атрымаў сваю назву. Спачатку сцены і равы, якія акружаюць горад, узводзіліся як часовыя пабудовы, якія абараняюць ад уварвання шведскіх войскаў. Фартыфікацыйны будынак з магутнымі каменнымі бастыёнамі да гэтага часу знаходзіцца ў выдатным стане. А напоўненыя вадой равы ўздоўж крапасных сцен утвараюць мудрагелісты ўзор у выглядзе зоркі.

7. Лука, Італія

Гісторыя горада ў італійскім рэгіёне Таскана ўзыходзіць да часоў этрускаў, а пазней ён ператварыўся ў рымскую калонію. У горадзе Лука ўсё яшчэ можна ўбачыць мноства вуліц у раманскім стылі. Горад пачаў квітнець ў перыяд Сярэднявечча і эпохі Адраджэння і стаў вядомы як цэнтр еўрапейскай культуры. Лука - адзін з нямногіх сярэднявечных гарадоў, якія цалкам захавалі старажытныя муры. У канцы XX стагоддзя на гэтых сценах праводзіліся аўтамабільныя гонкі, сёння ж яны выконваюць ролю пешаходнай набярэжнай.

8. Каркасон, Францыя

Горад Каркасон быў акупаваны з 3500 года да нашай эры, а за ўладанне ім біліся кельты, рымляне, вестготы і сарацыны. У часы Напалеона крэпасць прыйшла ў такі жаласны стан, што ў 1849 французскі ўрад прыняў рашэнне яе знесці. Але план па знішчэнні гістарычнага аб'екта нарабіў столькі шуму, што крэпасць удалося выратаваць, а рэстаўрацыя, якая пачалася ў 1853 годзе, доўжылася на працягу амаль 60 гадоў.

9. Нідэрланды

Гэты горад-крэпасць Буртанж у выглядзе пяціканцовай зоркі быў пабудаваны ў часы Васьмідзесяцігадовай вайны Вільгельмам I Аранскім. Падобная форма крэпасці выступала ідэальным абарончым збудаваннем, так як лічылася менш прыступнай, чым звычайная квадратная.

Таксама ў Нідэрландах можна ўбачыць іншыя гарады-крэпасці:

Хюлст

Гэта старажытны горад-крэпасць з абарончым валам і каналамі вакол.

Горад-бастыён Хёйсдэн

Гауда - сырная сталіца Нідэрландаў

Апошнія навіны