BE RU EN

Латвія спыніла выдачы пасведчанняў на права жыхарства расейцам

  • 21.10.2014, 17:49

Профільная камісія Сейма Латвіі ўхваліла часовую забарону на выдачу расейцам віду на жыхарства пры куплі нерухомасці.

Далейшым разглядам паправак зоймецца парламент новага склікання, піша gazeta.ru.

Камісія Сейма Латвіі ў абароне, унутраных справах і прадухіленню карупцыі ў аўторак ухваліла папраўкі да закона аб іміграцыі, якія прадугледжваюць часовае спыненне выдачы грамадзянам Расеі відаў на жыхарства ў абмен на інвестыцыі.

Большасць чальцоў камісіі падтрымалі папраўкі і прапанову даверыць прыняцце пастаноў аб спыненні выдачы відаў на жыхарства грамадзянам Расеі або іншых краін кабінету міністраў.

У пачатку кастрычніка Сейм Латвіі ўпершыню падтрымаў прапанову партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» спыніць выдачу расейцам ВНЖ паводле праграмы інвестыцыйнай іміграцыі праз сітуацыю ва Украіне. Тады за перадачу законапраекта на далейшы разгляд камісій прагаласавалі 48 дэпутатаў, супраць - 28 прадстаўнікоў, чацвёра ўстрымаліся.

Аўтары законапраекта назвалі мэтай паправак ліквідацыю пагроз для дзяржавы, спаслаўшыся на «ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны, якая пагражала міру ва ўсёй Еўропе».

Раней паліцыя бяспекі зрабіла выснову, што расейцы, якія атрымліваюць від на жыхарства, могуць мець уплыў на палітычныя і эканамічныя працэсы ў Латвіі. Поўнае або частковае аднаўленне выдачы ВНЖ расейцам прадугледжваецца ў выпадку спынення «парушэння Расеяй міжнародных прававых нормаў ва ўчыненні агрэсіі ў дачыненні да Украіны», а таксама калі гэта дапускаюць меркаванні бяспекі, адзначалі ініцыятары зменаў.

Папраўкі да закона аб іміграцыі працягне разглядаць сейм новага склікання, але нічога добрага расейцам гэта не прадвесціць: прарасейская партыя свае пазіцыі губляе.

Апошнія навіны