BE RU EN

Расея блакуе пастанову АБСЕ ў кантролі мяжы Украіны

  • 21.10.2014, 16:22

Цяпер у Вене праходзіць пасяджэнне прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц АБСЕ.

Прадстаўнік Расейскай Федэрацыі падчас дэбатаў абвясціў аб намеры заблакаваць ініцыятыву Кіева ў выкананні п.9 Менскага мемарандума аб кантролі за ўкраінска-расейскай мяжой. Пра гэта "Еўрапейскай праўдзе" паведаміла крыніца ў дыпламатычных колах.

Украінская старана прапанавала прыняць пастанову аб выкананні пункта менскіх дамоўленасцей што да кантролю назіральнікамі АБСЕ за ўсім участкам украінска-расейскай мяжы ў зоне АТА.

Усе чальцы арганізацыі, за выключэннем Расеі, падчас дэбатаў падтрымалі ўкраінскую прапанову. "Аднак Расея настойвае на захаванні дзейнага мандату, паводле якога кантроль назіральнікаў АБСЕ праводзіцца толькі ў двух памежных пунктах", - пераказала крыніца ход закрытай дыскусіі.

Пра праблемы з прыняццем гэтай пастановы паведаміў у сваім твітэры кіраўнік палітычнага дэпартамента МЗС Украіны Аляксей Макееў.

Усе пастановы ў АБСЕ прымаюцца кансэнсусам, таму пры фармальным галасаванні, якое адбудзецца ў сераду, змяненне мандата гарантавана будзе заблакаванае.

"Прысутнасць назіральнікаў АБСЭ толькі на двух пунктах пропуску - гэта фігавы лісток, які толькі імітуе кантроль мяжы. Настойваючы на захаванні такога фармату, Расея выразна дэманструе сваю незацікаўленасць у дээскалацыі і вяртанні сітуацыі ва ўкраінскае і міжнароднае прававое поле", - абурыўся ў размове суразмоўца з МЗС.

Інфармацыю пра нежаданне Расеі пашыраць мандат місіі АБСЕ пацвердзіў пастаянны прадстаўнік РФ пры АБСЕ Андрэй Келін, паведамляе ТАСС.

З ягоных слоў, АБСЕ мае намер працягнуць працу місіі назіральнікаў на расейска-ўкраінскай мяжы яшчэ на тры месяцы без павелічэння колькасці пунктаў пропуску.

Як мяркуюць расейскія дыпламаты, неабходнасці ў пашырэнні колькасці кантрольна-прапускных пунктаў, на якіх будуць прысутнічаць назіральнікі, няма, паколькі РФ "цалкам кантралюе сваю частку тэрыторыі".

Апошнія навіны