BE RU EN

УЕФА расследуе паводзіны заўзятараў на матчы Беларусь-Украіна

  • 21.10.2014, 12:08

Беларускай федэрацыі футбола пагражае сур'ёзны штраф.

УЕФА распачала дысцыплінарную справу ў дачыненні да Беларускай федэрацыі футбола і Федэрацыі футбола Украіны ў сувязі з паводзінамі заўзятараў камандаў падчас адборачнага матчу чэмпіянату Еўропы на «Барысаў-Арэне», піша «Трыбуна».

БФФ можа быць пакараная за палітычныя воклічы фанатаў, а таксама за недастатковае забеспячэнне бяспекі на гульні. Федэрацыю футбола Украіны абвінавачваюць у скандаванні заўзятарамі воклічаў на палітычную тэматыку, а таксама выкарыстанне піратэхнікі прыхільнікамі зборнай Украіны.

Паводзіны беларускіх і ўкраінскіх балельшчыкаў будуць разгледжаныя на пасяджэнні дысцыплінарнага камітэта УЕФА 13 лістапада.

Нагадаем, з першых хвілін матчу на «Барысаў-Арэне» гучала шмат палітычных лозунгаў. І беларускія, і ўкраінскія заўзятары гучна крычалі «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне», спявалі «Купалінку» і «Воіны святла», скандавалі знакаміты вокліч пра Пуціна.

Апошнія навіны