BE RU EN

Расея адмовілася пастаўляць Украіне газ напавер

  • 17.10.2014, 21:25

Са слоў прэзідэнта РФ, 500 мільёнаў даляраў Украіна недаплаціла за першы квартал гэтага года.

Расея не мае намеру пастаўляць Украіне газ напавер, заявіў Уладзімір Пуцін паводле вынікаў перамоваў у Мілане, паведамляе РІА "Новости". "Напавер Расея ўжо нічога пастаўляць не будзе. Па-першае, патрэбная пэўная дысцыпліна спажыўца. Бо ўзровень збіральнасці, скажам, ва Украіне вельмі нізкі, значна ніжэйшы, чым у Расеі, ды і кошт, дастаткова нізкі", - растлумачыў прэзідэнт РФ.

"Другое: паглядзіце, як я ўжо казаў, у канцы мінулага года далі $3 млрд крэдыту. $1,4 млрд нашыя партнёры нам павінны за апошнія два месяцы мінулага года. Гэта бясспрэчная лічба. З нагоды паставак у мінулым годзе наогул ніхто ні пра што не спрачаецца, але грошай плаціць ніхто не хоча", - адзначыў Пуцін.

Паводле ягоных слоў, 500 мільёнаў даляраў недаплачана за першы квартал гэтага года, тады калі газ прадавалі па $268 за тысячу кубаметраў. "$500 млн усё роўна не заплацілі. За красавік, травень, чэрвень наогул нічога не плацілі - нуль. Проста спынілі плацяжы. Паводле нашых падлікаў агулам, гэта як мінімум $5,5 млрд, калі лічыць, што красавік, травень, чэрвень Украіна павінна была плаціць па $485”, - дадаў Пуцін.

У той жа час, паводле ягоных слоў, Расея гатова пералічыць кошт газу, пастаўленага ў другім квартале 2014 па кошце ў $385 за тысячу кубаметраў газу. Такім чынам, кошт газу пералічыла са зніжкай у $100 за тысячу кубаметраў, а агульная сума запазычанасці за пастаўлены газ знізіцца з $5,3 млрд да $4,5 млрд.

Нагадаем, паводле вынікаў двухбаковай сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у Мілане Пётр Парашэнка заявіў, што бакам не ўдалося дасягнуць практычнага выніку развязання газавага пытання. Парашэнка адзначыў пэўны прагрэс у перамовах, аднак заявіў, што "засталіся дэталі, якія яшчэ трэба абмеркаваць".

Апошнія навіны