BE RU EN

Вінцук Вячорка: Лукашэнка даўно зразумеў, што казаць ён можа што заўгодна

  • 17.10.2014, 16:58

А судзіць чалавека трэба паводле ўчынкаў. У выпадку дыктатара - ён як быў, так і застаецца хаўруснікам Пуціна.

Каментуючы сённяшнюю прэс-канферэнцыю для расейскіх СМІ, Вінцук Вячорка выказаў charter97.org меркаванне пра тое, што ўсе гэтыя антырасейскія выказванні, якія сёння прагучалі, нічога не значаць.

- Сёння прагучала шмат антырасейскіх выказванняў: ад «далучэння» Смаленска і Калінінграда да крытыкі якасці расейскіх тавараў. З чым звязаная такая смеласць дыктатара?

- Я мяркую, што ён даўно зразумеў, што важна не тое, што гаворыцца, а тое, што робіцца. У яго арсенале выказванняў заўсёды шмат і хапае розных. Разглядаюцца, усё ж такі, учынкі. Разглядаецца ўваход у Еўразійскія структуры, разглядаецца размяшчэнне расейскіх вайсковых баз. На гэтую зіму прызначанае прыняцце пастановы аб павелічэнні расейскай авіяцыі на тэрыторыі нашай краіны. Разглядаюцца такія міжнародна-прававыя аспекты, як галасаванне ў ААН пад дыктоўку расейскага прадстаўніка. А пэўная нязвыклая для кагосьці вастрыня сённяшніх выказванняў павернецца пасля гандляваннем у Пуціна чарговай порцыі нейкіх патуранняў, зніжак, мільярдаў і магчымасцяў гладка з фінансавага пункту гледжання прайсці 2015, калі плануюцца чарговыя «выбары» Лукашэнкі.

- Што ён хацеў сказаць сённяшняй прэс-канферэнцыяй?

- Сённяшняй задачай Лукашэнкі было паказаць Пуціну, што, паколькі пазіцыі Пуціна на міжнароднай палітычнай арэне слабеюць, а ён, Лукашэнка, - адзіны верны хаўруснік з усіх, то яго трэба песціць і песціць, а то ён раптам можа і выбрыкнуць. Сёння былі такія ўмоўныя дэманстратыўныя «выбрыкі», за якімі, аднак, фактычных «выбрыкаў» не будзе, бо Лукашэнка з галавы да ног аблытаны залежнасцю ад Расеі - і эканамічнай, і мілітарнай, і кадравай, і якой заўгодна.

Апошнія навіны