BE RU EN

Дэвід Кэмеран: Калі Пуцін не выведзе войскі, то атрымае санкцыі

  • 17.10.2014, 14:14

Расея павінна даказаць сваё жаданне дээскалацыі крызісу ва Украіне, у адваротным выпадку ЕЗ будзе гатовы працягнуць ціск на яе.

Пра гэта паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран.

З ягоных слоў, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў еўрапейскім лідарам падчас шматбаковай сустрэчы ў Мілане, што не хоча замарожанага канфлікту на Данбасе, піша "Еўрапейская праўда".

"Пуцін вельмі выразна даў зразумець, што не хоча замарожанага канфлікту на Данбасе і не хоча бачыць Украіну падзеленай", - адзначыў Кэмеран.

У той жа час, адзначыў брытанскі прэм'ер, Расея павінна на практыцы даказаць праўдзівасць сваіх слоў. "Расея павінна вывесці ўсю вайсковую тэхніку і спыніць падтрымку сепаратыстаў, - падкрэсліў ён. - Калі гэтага не адбудзецца, то Еўразвяз будзе гатовы захоўваць санкцыі і працягнуць ціск на Расею".

На ягоную думку, шматбаковая сустрэча ў Мілане ў рамках саміту АСЕМ - гэта ўжо станоўчая падзея, паколькі атрымалася пасадзіць за стол перамоваў украінскага і расейскага лідараў.

Нагадаем, 16 кастрычніка ў Мілане адбылася шматбаковая сустрэча з удзелам прэзідэнтаў Пятра Парашэнкі і Пуціна. Як паведаміў італійскі прэм'ер Матэа Рэнца, Пуцін і Парашэнка разам з еўрапейскімі лідарамі абмяркоўвалі эфектыўны кантроль агульных межаў.

Апошнія навіны