BE RU EN

Курсы «Мова цi кава» зачыняюцца

  • 15.10.2014, 14:27

Запатэнтаваўшая курсы Кацярына Кібальчыч заявіла аб тым, што мае намер спыніць іх.

Першы ў новым навучальным годзе занятак планаваўся на вечар 15 кастрычніка. Аднак адзін з выкладчыкаў курсаў, журналіст «Радыё Свабода» Франак Вячорка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паведаміў аб ягоным скасаванні. Крыху пазней аналагічная абвестка з'явілася на старонцы «Мова ці кава».

У каментары «Беларускім навінам» Франак Вячорка растлумачыў: «запатэнтаваўшая курсы Кацярына Кібальчыч заявіла аб тым, што мае намер спыніць заняткі».

З ягоных слоў, выкладчыкі курсаў такую пастанову не падтрымалі і спрабавалі дамовіцца з ёй. «Маўляў, калі дзяўчына не хоча займацца праектам, які збіраў сотні жадаючых вучыць і размаўляць на беларускай мове, яна можа адмовіцца ад яго, але «Мова цi кава» павінна жыць. Аднак Кацярына не пагадзілася з такім развіццём падзей, спаслаўшыся на тое, што праект - яе, запатэнтаваны ёю і будзе зачынены. У выпадку самавольнага працягу заняткаў Кібальчыч паабяцала падаць у суд», - распавёў Вячорка.

З ягоных слоў, Кібальчыч, якая жыве і працуе ў Маскве, збіралася прыехаць на запланаваны на сёння занятак, каб абвясціць аб закрыцці курсаў. Каб пазбегнуць скандалу каманда выкладчыкаў курсаў прыняла сумесную пастанову яго скасаваць.

«Гэта не байкот курсаў, гэта - жаданне зачыніць любімы многімі праект без разбіральніцтва. Галоўнае - спыніць канфлікт»- падкрэсліў ён.

Канфлікт паміж чальцамі каманды моўных курсаў «Мова ці кава» адбыўся праз рознагалоссі ў ацэнцы сітуацыі ва Украіне. Аўтарка праекта Кацярына Кібальчыч, журналістка расейскага «Першага канала», стала на абарону сепаратыстаў, у той час як большасць чальцоў каманды падтрымліваюць адзіную Украіну.

Апошнія навіны